Ахвярамі лясных пажараў у Партугаліі сталі 43 чалавекі, большасьць іх загінула ў вогненнай пастцы, калі іхныя аўтамабілі аказаліся заблякаванымі на ахопленай агнём дарозе. Яшчэ 59 чалавек, у тым ліку пажарныя, атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасьці.
Прэмʼер-міністар дзяржавы Антонію Кошта назваў тое, што адбываецца, вялікай трагедыяй. «Колькасьць загінулых яшчэ можа павялічыцца», — папярэдзіў кіраўнік ураду.
Дзяржаўны сакратар у пытаньнях унутраных справаў Жоржу Гоміс распавёў журналістам, што 16 загінулых згарэлі жыўцом у сваіх аўтамабілях на аўтатрасе ў муніцыпалітэце Пэдроган-Грандзі на ўсходзе краіны. Яны спрабавалі пакінуць раён лясных пажараў. Яшчэ трое задыхнуліся ў дыме. Агонь пашыраецца вельмі хутка, рухаючыся адначасова з чатырох кірункаў, сказаў Гоміс.
У некалькіх рэгіёнах Партугаліі сьпёка ў апошнія дні перавышала 40 градусаў.
Лясныя пажары нярэдка адбываюцца ў Партугаліі, аднак часьцей за ўсё ў жніўні, калі на тэрыторыі краіны ўсталёўваецца сухое і гарачае надворʼе. У мінулыя гады ад пажараў больш цярпела паўночная, лясістая частка Партугаліі, паведамляе ВВС.