Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп не плянуе бліжэйшым часам выконваць перадвыбарчае абяцаньне аб пазбаўленьні права на працу ці дэпартацыі асобаў, якія прыехалі ў краіну ў юным узросьце разам з бацькамі. Гаворка ідзе пра бацькоў — нелегальных імігрантаў. Пра гэта паведаміў Белы дом.
Ініцыятыва абараняць гэтую катэгорыю асобаў — у Амэрыцы іх прыкладна 800 тысяч — была прынятая Баракам Абамам. Іхныя справы разглядаюцца зноўку кожныя два гады.
Доўгатэрміновыя пэрспэктывы ініцыятывы Абамы за кіраваньнем Трампа застаюцца няяснымі.
У той жа час, як падкрэсьліваюць прадстаўнікі Белага дому і Міністэрства ўнутранай бясьпекі, распараджэньнем Трампа не закранаецца пастанова, якая прадугледжвае дэпартацыю або адкліканьне дазволу на працу ў незаконных мігрантаў, чые дзеці маюць амэрыканскае грамадзянства або від на жыхарства. Такіх нелегальных мігрантаў у Злучаных Штатах налічваецца цяпер прыкладна 5 мільёнаў.