Падчас выступу ў штаце Флёрыда Трамп абвясьціў аб намеры перагледзець дамоўленасьці, каб «зрабіць іх значна лепшымі і для народу Кубы, і для ЗША».
«Я адмяняю абсалютна аднабаковае пагадненне папярэдняй адміністрацыі з Кубай», — сказаў ён.
Захады Трампа прадугледжваюць таксама абмежаваньне на паездкі на Кубу для амэрыканцаў і забарону на вядзеньне бізнэсу з кубінскім вайсковым канглямэратам GAESA, які, як мяркуецца, кантралюе больш за палову кубінскай эканомікі.
Амэрыканцы змогуць наведваць востраў толькі ў складзе групы
Трамп таксама хоча абмежаваць грашовыя плыні з ЗША на Кубу і забясьпечыць строгае захаваньне існуючай забароны на турызм, паклаўшы канец індывідуальным паездкам. Такім чынам, ад гэтага часу амэрыканцы змогуць наведваць востраў толькі ў складзе групы.
Аднак, сёе-тое зьменаў не зазнае.
Ня будзе зьменаў у правілах легальнага ўвозу рому і цыгараў
Так, не плянуецца ўводзіць новыя правілы для спыненьня існуючых дзелавых кантактаў, што павінна супакоіць амэрыканцаў, якія апошнім часам укладвалі сурʼёзныя сумы ў супрацоўніцтва з Кубай. «Ня будзе ніякіх зьменаў у правілах легальнага ўвозу такіх папулярных тавараў, як ром і цыгары», — патлумачылі ў Белым доме.
Дональд Трамп адзначыў, што пасольства ЗША на Кубе працягне працу. Таксама ён не плянуе адмяняць паветраныя і марскія зносіны з гэтай краінай. Трамп заявіў, што ЗША ня здымуць санкцыяў з Кубы, пакуль у краіне ня вызваляць усіх палітвязьняў.
ЗША ўвялі эмбарга супраць Кубы ў 1960 годзе, праз два гады пасьля таго, як рэвалюцыянэр-камуніст Фідэль Кастра зрынуў дыктатара Батысту.