Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і я, Валер Карбалевіч.
Глод: 15 чэрвеня парлямэнт Літвы пастанавіў, што Беларуская атамная станцыя, якая будуецца ў Астраўцы, прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.
Кіраўнік парлямэнцкага Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Вітаўтас Бакас адзначыў, што «неабходна прыкласьці ўсе намаганьні, каб будаўніцтва АЭС, якое вядзецца непразрыста, зь недастатковай супрацай з суседнімі краінамі, грамадзкасьцю, міжнароднымі арганізацыямі, было спынена або каб станцыя ніколі не была запушчаная ў эксплюатацыю». «Літва бярэ на сябе лідэрства ў гэтым пытаньні», — заявіў ён. Праўда, у пастанове Сэйму не прапісана, якім чынам Літва мае намер спыніць будаўніцтва АЭС.
Але крыху раней парлямэнт ухваліў закон, якім плянуецца абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Да такіх жа крокаў Літва заклікае Латвію і Эстонію. У Вільні ведаюць, што АЭС праектавалася найперш пад экспарт электраэнэргіі. Таму літоўцы хочуць зрабіць так, каб гэтая электраэнэргія не была прывабная эканамічна.
Так супала, а можа гэта і невыпадкова, але рашэньне літоўскіх парлямэнтароў было прынятае ў той жа самы дзень, калі ў Менску пачалася сёмая сэсія Нарады бакоў Канвэнцыі Эспа. На ёй абмяркоўваюцца і пытаньні, зьвязаныя з парушэньнямі міжнародных стандартаў будаўніцтва Беларускай АЭС.
У выступе на сэсіі кіраўнік літоўскай дэлегацыі, намесьнік міністра навакольнага асяродзьдзя Марцінас Норбутас падкрэсьліў, што «недастаткова толькі казаць пра бясьпеку — яе трэба забясьпечыць». Ён дадаў, што Беларусь, на жаль, ня выканала сваіх «хатніх заданьняў» і ўсяляк спрабуе пазьбегнуць нязручных для сябе пытаньняў: пра крытэры выбару пляцоўкі будаўніцтва, пра ўплыў на навакольнае асяродзьдзе і здароўе людзей, асабліва тых, якія пражываюць у густанаселеных раёнах, і пра рызыкі магчымых цяжкіх аварый. На думку літоўскага чыноўніка, Беларусь, як і раней, спрабуе пазьбегнуць больш дэталёвых дасьледаваньняў і хоча як мага хутчэй спыніць абмеркаваньне найважнейшых пытаньняў на двухбаковым і міжнародным роўні.
«Адкрытасьць, падрабязная інфармацыя пра праблемы, якія ўзьнікаюць, зьмястоўныя дыскусіі, а галоўнае — прадстаўленыя доказы аб тым, што і як робіцца для таго, каб правільна ацаніць пагрозы, кіраваць імі і ліквідаваць іх — гэта тое, што трэба для канструктыўнага дыялёгу. Гэта тое, чаго мы просім у Беларусі на працягу гэтых многіх гадоў», — сказаў намесьнік міністра.
Суседзяў не выбіраюць, але ж вельмі рызыкоўна мець пад бокам такога суседа, якога нават Чарнобыль не навучыў
Пазыцыю беларускага боку агучыў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Ён сказаў, што прызнаньне Беларускай АЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы — «яскравае сьведчаньне палітызаванасьці ўсяго гэтага працэсу... Мы як нацыя, беларусы, наша дзяржава, Рэспубліка Беларусь, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі, разумеем, што такое будаваць атамную станцыю і выканаць усе-ўсе патрабаваньні, у якіх выпрацаваны і сумны вопыт чалавецтва».
Паводле Сямашкі, для Беларусі важная ацэнка з боку МАГАТЭ. А ў спэцыялістаў гэтай арганізацыі, якія наведвалі краіну, «няма ніякіх заўваг».
7 чэрвеня інспэкцыйная група МАГАТЭ апублікавала справаздачу па Беларускай АЭС. У ёй гаворыцца, што «пры выбары пляцоўкі і праектаваньні былі належным чынам прааналізаваныя ўсе аспэкты бясьпекі, у тым ліку вонкавыя ўзьдзеяньні». Атрымліваецца, што МАГАТЭ ў гэтай дыскусіі нібыта на баку Беларусі.
Ня ведаю, як вы, калегі, а я літоўцаў разумею. І падзяляю іх заклапочанасьць. Зразумела, што суседзяў не выбіраюць. Але ж вельмі рызыкоўна мець пад бокам такога суседа, якога нават Чарнобыль не навучыў. Дарэчы, літоўцы зачынілі сваю Ігналінскую атамную станцыю. І цяпер Літва баіцца, што сусед-недарэка і свой дом спаліць, і суседу чырвонага пеўня падпусьціць.
цяпер пытаньне пра пабудову літоўскай АЭС ужо не стаіць, бо для яе энэргіі ня будзе ніякага рынку збыту
Цыганкоў: Тэма беларускай АЭС па-ранейшаму застаецца даволі праблемнай у адносінах Беларусі і Літвы, і, відавочна, застанецца праблемай на доўгія гады. Але я б зьвярнуў увагу, што, акрамя тых экалягічных довадаў, ёсьць і праблемы эканамічнай канкурэнцыі. Як мы ведаем, у свой час Літва зачыніла сваю Ігналінскую АЭС не зусім па сваёй волі. Бо, уступіўшы ў Эўразьвяз, краіна прыняла эўрапейскія нормы бясьпекі, і старую савецкую Ігналінскую АЭС давялося закрыць.
Пасьля гэтага Літва думала пра пабудову сваёй новай станцыі. Але Беларусь, улада ў якой аўтарытарная і ня мае патрэбы ў доўгім грамадзкім абмеркаваньні, апярэдзіла Літву, пачаўшы пабудову ўласнай АЭС за 50 кілямэтраў ад Вільні. І цяпер пытаньне пра пабудову літоўскай АЭС ужо не стаіць, бо для яе энэргіі ня будзе ніякага рынку збыту.
Цяпер ужо пытаньне Беларускай АЭС становіцца прадметам ня толькі беларуска-літоўскіх, але і беларуска-эўрапейскіх адносін. Інтрыга ў тым, наколькі Літве ўдасца перацягнуць на свой бок іншых прадстаўнікоў Эўразьвязу ці ўмоўны Брусэль.
Дагэтуль беларускія ўлады даволі пасьпяхова спасылаюцца на тое, што ў МАГАТЭ да беларускай АЭС пакуль няма ніякіх істотных заўваг. Тым часам АЭС становіцца чыньнікам у шэрагу іншых падзей, якія выклікаюць беспрэцэдэнтную за апошнія гады напружанасьць у дачыненьнях Літвы і Беларусі.
Карбалевіч: «Крызіс беларуска-літоўскіх дачыненьняў працягваецца. І нават можна казаць, што ён ідзе ў стадыю абвастрэньня. Літва робіць усё больш рашучыя крокі ў адносінах да Беларусі. Раней былі толькі заявы палітыкаў, уключна з прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам. 8 чэрвеня прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце заявіла, што лічыць БелАЭС «геапалітычнай зброяй».
Цяпер сэйм Літвы прыняў адмысловы закон аб пагрозе ад Беларускай АЭС. Літоўскі бок пераводзіць праблему з палітычнай плашчыні ў юрыдычную. Што, дарэчы, можа мець незваротныя наступствы для двухбаковых дачыненьняў. Паколькі АЭС будзе дзейнічаць па пляну 60 гадоў, то гэта значыць, што на дзесяцігодзьдзі наперад у двухбаковыя дачыненьні заганяецца балючая стрэмка.
Літоўскі бок пераводзіць праблему з палітычнай плашчыні ў юрыдычную
Але праблема ў тым, што прэтэнзіі Літвы пакуль ня маюць міжнароднай падтрымкі. І ЭЗ, і МАГАТЭ, і Канвэнцыя Эспа пакуль ставяцца да Беларускай АЭС, скажам так, спакойна і ляяльна. Нават іншыя суседзі Беларусі, Польшча, Латвія, пакуль ня хочуць палітызаваць гэтую тэму, псаваць празь яе адносіны зь Беларусьсю.
У любым выпадку для Беларусі АЭС яшчэ на стадыі будаўніцтва стварае шмат праблем. Здаецца, іх стане яшчэ больш пасьля таго, як станцыя запрацуе. Бо зьявіцца яшчэ праблема, куды падзець лішнюю электраэнэргію.
Што тычыцца таго, што Літва баіцца канкурэнцыі з боку Беларусі ў выпрацоўцы электраэнэргіі. Справа ў тым, што Літва пасьля закрыцьця Ігналінскай АЭС 80% электраэнэргіі імпартуе. Пытаньне аб будоўлі Балтыйскай АЭС закрытае. Дарэчы, і Расея адмовілася будаваць Калінінградзкую АЭС, бо зразумела, што яна не акупіцца. Цяпер, пасьля падзеньня сусьветных цэнаў на нафту і газ, АЭС становяцца яшчэ больш эканамічна неэфэктыўнымі.