Пётра Садоўскі: «Гэльмут Коль казаў пра сяброўства Нямеччыны з Расеяй, але не цераз галовы яе суседзяў»

Першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі неаднаразова сустракаўся з канцлерам Колем падчас дыпляматычнай працы ў Бэрліне.

— Паводле пратаколу мой афіцыйны візыт як амбасадара быў да яго, мы сустракаліся ў часе розных пасяджэньняў, куды амбасадараў запрашалі. Апошняя сустрэча была, калі выводзілі савецкія войскі з Бэрліну, калі на плошчы Жандармэнмаркт быў вядомы выступ Ельцына. Я сядзеў паводле альфабэту ў шостым шэрагу, а Коль — у першым шэрагу, тады яшчэ быў жывы Мітэран, усе эўрапейскія кіраўнікі былі там тады.

Гэльмут Коль быў чалавекам не эксцэнтрычным, праводзіў, так бы мовіць, ціхую палітыку. Мне здаецца, што Мэркель у яго ўдалася. Яна была ягонай вылучэнкай, самым маладым міністрам, займалася справамі моладзі пры Колі. Яна такая як ён, усё нібы ціха, але ўсё даволі грунтоўна. Коль умеў балянсаваць — кааліцыйныя ўрады, дэмакратычная канкурэнцыя з сацыял-дэмакратамі...

Калі толькі Нямеччына абʼядналася, хадзіла нейкая хадзіла «страшылка», што вось узьнік нямецкі монстар. Мала хто ведае прамову Коля пасьля абʼяднаньня, якая насьцярожыла многіх. Гэта была настальгічная прамова па ўсходніх землях, якія Нямеччына культурна калянізавала на працягу некалькіх стагоддзяў. Ён казаў, што нам прыходзіцца з балючым сэрцам праглынуць горкую пілюлю і забыцца на сваю калянізатарскую добрую культурную палітыку для Ўсходняй Эўропы. Але тады ўсё стала на свае рэйкі, і ніякага рэваншызму з боку Нямеччыны не было. Ён быў вельмі памяркоўны, я лічу.

— Ці ён калі-небудзь выказваўся пра Беларусь, пра палітыку Нямеччыны ў дачыненьні да Беларусі?

— Тады з Расеяй, з Гарбачовым былі асаблівыя адносіны. Разам з тым ён аднойчы дазволіў сабе такое выказваньне, якое я, як германіст і былы амбасадар, добра памятаю. Ня памятаю зь якой нагоды на сустрэчы былі тры славянскія амбасадары, і Коль сказаў, што мы, канечне, будзе сябраваць з Расеяй, але не цераз галовы яе суседзяў. Ён гэта сказаў, маючы на ўвазе, што ў залі сядзіць украінскі і беларускі амбасадары. Гледзячы на нас, ён гэта сказаў. І заступаючы на свой першы тэрмін, Мэркель, калі гаварыла пра суседзяў Расеі, паўтарыла гэтую фразу. Мне гэта вельмі запала.

Ня ведаю, наколькі гэта вытрымліваецца, бо Realpolitik ідзе ад Нямеччыны, і Нямеччына заўсёды гістарычна і ў апошняй гісторыі мае асаблівыя адносіны з Расеяй.

***

У сваім доме ў Людвігсхафэне ва ўзросьце 87 гадоў памёр былы канцлер ФРГ Гэльмут Коль (Helmut Kohl). Коль даўжэй за ўсіх у гісторыі Нямеччыны займаў пасаду канцлера — з 1982-га па 1998 год. Менавіта ў часе яго кіраваньня адбылося ўзьяднаньне краіны. Коль таксама быў адным з актыўных ініцыятараў увядзеньня адзінай эўрапейскай валюты. Ад 2008 году — пасьля траўмы, атрыманай у выніку падзеньня — Гэльмут Коль заставаўся ў інвалідным крэсьле.