Паліцыя ЗША выдала ордэр на арышт целаахоўнікаў Эрдагана

Your browser doesn’t support HTML5

Прэзыдэнт Турэччыны назірае, як ягоная ахова месіць пратэстоўцаў

Паліцыя гораду Вашынгтону выдала ордэры на арышт 12 грамадзян Турэччыны і двух грамадзян Канады, якіх вінавацяць у нападзе на армянскіх і курдзкіх пратэстоўцаў пад турэцкай амбасадай 16 траўня, у час візыту ў ЗША прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Двое грамадзян Турэцкай Рэспублікі арыштаваныя.

Паводле зьвестак паліцыі, сярод падазраваных грамадзян Турэччыны — тры афіцэры паліцыі і 9 агентаў службы бясьпекі, у тым ліку агенты з атачэньня Эрдагана. Целаахоўнікі Эрдагана, абвінавачаныя ў нападах, вярнуліся ў Турэччыну. У справе таксама фігуруюць чацьвёра грамадзян ЗША.

Эрдаган, які асабіста назіраў за бойкай, раскрытыкаваў выдачу ордэраў на арышт, спытаўшы, «што гэта за закон такі»:

«Калі мае целаахоўнікі ня могуць мяне абараніць, то навошта я іх прывозіў з сабой у Амэрыку?» — абураўся Эрдаган, заявіўшы, што амэрыканская паліцыя нібыта не спрабавала разьняць бойку.

У амбасадзе Турэччыны заяўлялі, што пратэстоўцы ёсьць сябрамі забароненай у Турэччыне «Рабочай партыі Курдыстану».

Your browser doesn’t support HTML5

Бойка аховы Эрдагана з пратэстоўцамі ў Вашынгтоне