Трансьляцыю мерапрыемства вядуць расейскія дзяржаўныя тэлеканалы. Гэта ўжо 15-я па ліку прамая Пуціна, у мінулым годзе яна доўжылася амаль 4 гадзіны. Прапануем вам у скароце асноўныя заявы Пуціна.
Пра цытаваньне прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам верша Лермантава «Прощай, немытая Россия...»
Пуцін пахваліў прэзыдэнта Ўкраіны за веданьне расейскай клясыкі. У адказ працытаваў радкі зь верша Тараса Шаўчэнкі «І мёртвым і жывым» «Доборолась Україна до самого краю. Гірше ляха свої діти Її розпинають».
Пуцін выказаў меркаваньне, што цытатай зь Лермантава ў дзень пачатку бязьвізу з ЭЗ Парашэнка «хацеў паказаць сваім выбарнікам, што ён выконвае дадзеныя абяцаньні, вядзе краіну ў Эўропу».
Your browser doesn’t support HTML5
Прэзыдэнт Расеі дадаў: «Дарэчы, „блакітных... мундзіраў“ там, куды ён зьбіраецца, больш, чым у нас. Хай глядзіць па баках. Мы супраць гэтых хлопцаў нічога ня маем».
Ён таксама сказаў на адрас прэзыдэнта Ўкраіны, што «калі хто-небудзь хоча быць эўрапейцам, рахункі спачатку хай свае зачыніць у афшорнай зоне, а потым кажа пра дабрабыт народу».
Пра стаўленьне да ЗША
Пуцін заявіў, што Расея ня лічыць Амэрыку сваім ворагам, што ў Расеі шмат сяброў у ЗША і што «у Расеі вельмі шмат людзей, якія з вялікай павагай ставяцца да дасягненьняў амэрыканскага народу».
Паводле яго РФ і ЗША могуць дамаўляцца і разам працаваць. Ён выказаў спадзеў на канструктыўную ролю ЗША ва ўрэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне. Ён адзначыў, што назіраецца абвастрэньне ўнутрыпалітычнай барацьбы ў ЗША.
Ён пракамэнтаваў выступ на слуханьнях у Сэнаце былога дырэктара ФБР Джэймса Комі. Паводле Пуціна, Комі «заявіў, што ўмяшаньне Расеі было, але не прывёў доказы». Прэзыдэнт Расеі сказаў, што былы дырэктар ФБР робіцца падобным на Эдварда Сноўдэна і паабяцаў Комі ў выпадку патрэбы даць прытулак у Расеі.
Пра заходнія санкцыі
Прэзыдэнт Расеі выказаў меркаваньне, што на Расеі больш адбіліся ня санкцыі, а сусьветная каньюнктура.
Ён убачыў пэўны пазытыў у санкцыях, паводле яго расейцам «давялося ўключыць мазгі», але выказаўся за скасаваньне абмежаваньняў.
Your browser doesn’t support HTML5
Ён нагадаў, што ўрад РФ працягнуў контрсанкцыі адносна харчаваньня з ЗША і краінаў Эўразьвязу, і падкрэсьліў, што калі Захад здыме санкцыі, то і Расея павіная будзе зрабіць тое самае па правілах СГА.
Пуцін заявіў, што «Расея заўсёды жыла пад санкцыямі, як толькі пачынала ўставаць з каленяў», прычым патлумачыў, што мае на ўвазе ня толькі постсавецкую гісторыю, але нават і дарэвалюцыйныя часы. «Не было б Крыму — прыдумалі б нешта яшчэ для стрымліваньня Расеі» — сказаў прэзыдэнт Расеі.