Камітэт дзяржаўнага кантролю пацьвердзіў затрыманьне уласьніка дыспэтчарскай службы таксі «Алмаз 7788» Віктара Пузікава. Паводле Дзяржкантролю, Пузікаў не сплаціў больш як 1,4 млн рублёў падаткаў.
«Выяўлена, што дадзены кіраўнік цягам 2015-2017 гадоў рэгулярна атрымліваў ад афіцыйных і „нелегальных“ таксістаў, якім аказваў дыспэтчарскія паслугі таксі, наяўныя грашовыя сродкі, якія не адлюстроўваў у бухгальтарскім уліку арганізацыі. Гэта давала магчымасьць ўхіляцца ад выплаты падаткаў», — гаворыцца ў заяве камітэту.
Такая схема, паводле камітэту, задваляла ўласьніку службы штомесяц атрымліваць больш як 200 тысяч даляраў, а самой службе таксі заняць «адну з дамінуючых пазыцыяў на рынку» празь ніжэйшыя тарыфы.
Супраць Пузікава і трох меркаваных саўдзельнікаў (адзін зь іх таксама затрыманы) распачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК БР).
Арышт накладзены на 93 аўтамабілі службы, 30 аб’ектаў нерухомасьці і больш як 2 млн даляраў грошаў затрыманых.
Юлія Ганчарова з прэсавай службы Сьледчага камітэту сказала карэспандэнту Свабоды, што «Сьледчы камітэт не валодае зьвесткамі пра затрыманьне Пузікава». Тэлефоны прэсавых службаў КДБ і МУС маўчаць.
Паводле ранейшых зьвестак, Пузікаў быў затрыманы 13 чэрвеня. Пра гэта ў сацсетках паведаміў лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка са спасылкай на таксістаў з «Алмаз 7788». Магчыма, разам з Пузікавым затрыманы ягоны намесьнік, нібыта справа ідзе аб нявыплаце падаткаў.
У адміністрацыі службы таксі «Алмаз 7788» супрацоўніца адказала, што там нікога з кіраўніцтва цяпер няма, інфармацыю пра затрыманьне Віктара Пузікава яна пацьвердзіць ня можа.