Новы ўласьнік не зрабіў належных захадаў, каб уратаваць дом ад пажару. Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярнулася ў гарадзкую пракуратуру, каб тая прыцягнула да адказнасьці гаспадара. Актывісты намагаюцца высьветліць, хто набыў помнік архітэктуры, бо зьвестак аб продажы ў крыніцах адкрытага доступу адшукаць не ўдаецца.
Пажар у старым доме ў Магілёве здарыўся 10 чэрвеня. Афіцыйных камэнтароў пра здарэньне за прамінулы час не зьявілася.
Пакупнік браўся не парушаць гісторыка-культурную спадчыну
У Ленінскім жыльлёва-эксплюатацыйным упраўленьні, якому, як меркавалася, належаў будынак, сказалі, што больш адказнасьці за яго не нясуць. Гарадзкія ўлады дом прадалі летась з аўкцыёну.
«Ёсьць гарантыйнае абавязаньне, што на працягу трох гадоў новы ўласьнік дома, не парушаючы гісторыка-культурную спадчыну, распрацуе праектна-каштарысную дакумэнтацыю, выканае рамонтныя работы. Груба кажучы, увядзе будынак у эксплюатацыю. Як я разумею, пакуль новым уласьнікам тэрміны не выконваюцца», — адзначыў супрацоўнік упраўленьня.
Суразмоўца ўстрымаўся гаварыць, ці выконваў належным чынам новы ўладальнік старой будыніны абавязкі ў яе ахове. Разам з тым ён адзначыў, што «да выкананьня нейкіх работ на аб’екце ўладальніку варта было парупіцца пра захаванасьць дома».
«Асноўнае — гэта папярэдзіць пранікненьне ў яго староньніх асобаў, — удакладніў спэцыяліст. — На вокны і дзьверы першага паверху ставяцца краты, ці яны забіваюцца дошкамі. Калі будынак не ахоўвацца, ёсьць доступ, то ў яго нехта трапіў — і ў выніку пажар. Цяпер усё будзе залежаць, як спрацуе Міністэрства культуры».
Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры шукае ўласьніка
Адшукаць зьвесткі пра новага ўладальніка помніка архітэктуры не ўдалося, як і пра тое, за колькі яго прадалі і што разьмесьціцца ў будынку пасьля рамонту.
Старшыня абласной рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Краўчанка заяўляе, што накіруе запыт гарадзкім уладам, каб высьветліць, каму прададзены дом і што рабіў новы гаспадар дзеля захаваньня помніка архітэктуры.
Афіцыйных камэнтароў пра пажар у будынку з ахоўным статусам за мінулыя пяць дзён не зьявілася. Гарадзкія газэты зьмясьцілі сьціслае паведамленьне пра здарэньне з сайту абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У самім упраўленьні пакуль не гатовыя гаварыць аб прычынах пажару. Застаецца пытаньнем, як адрэагаваў на здарэньне Сьледчы камітэт.
Уладзімер Краўчанка ў дзень, калі помнік архітэктуры згарэў, казаў Свабодзе, што пажар на ім яго не зьдзівіў.
«Я не зьдзіўлюся, — адзначаў тады ён, — калі высьветліцца ў ходзе сьледзтва (калі яно будзе распачатае), што будынак знарок быў падпалены».
Выканкам нясе адказнасьць за захаванасьць помніка архітэктуры
Старшыня Рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч ня ўтойвае, што ў Беларусі нярэдка здараюцца пажары на аб’ектах культурна-гістарычнай спадчыны. Прыгадаў нядаўні выпадак у вёсцы Клюшчаны Астравецкага, дзе згарэў драўляны касьцёл.
Паводле Антона Астаповіча, за пажар у Магілёве адкажа ўласьнік дома.
«Пішу скаргу ў гарадзкую пракуратуру на ўласьніка, каб яго прыцягнулі да адказнасьці за невыкананьне ахоўных абавязаньняў», — адзначае экспэрт.
«Органы мясцовай улады, органы кантролю і нагляду меліся таксама больш жорстка сачыць і патрабаваць ад уласьнікаў ды ўладальнікаў выкананьня ахоўных абавязаньняў. Згодна з Кодэксам аб культуры, кампэтэнцыя кантролю ўскладзеная на органы мясцовых уладаў, — тлумачыць сытуацыю Астаповіч. — Зразумела, што ёсьць недагляд выканкаму, бо лёгка прадаць з аўкцыёну і „ўмыць рукі“, але ён нясе, згодна з заканадаўствам, поўную адказнасьць за стан, захаванасьць гісторыка-культурнай спадчыны на падкантрольнай тэрыторыі».
Знайшоўся пакупнік, і прадалі
Два месяцы таму Свабода пісала пра бядотны стан кварталу старых дамоў на вуліцы Лазарэнкі. Прыгадвала, што іх спрабавалі пазбавіць ахоўнага статусу, тлумачачы тым, што ён адпужвае патэнцыйных інвэстараў. У той публікацыі згадвалася гісторыя з продажам аднаго з тутэйшых будынкаў.
Прыватнае прадпрыемства «Сэктар» бралася яго зрабіць «аб’ектам шматфункцыянальнага адміністрацыйна-гандлёвага і культурна-дзелавога прызначэньня». У 2014 годзе за дом, узьведзены на пачатку ХХ стагодзьдзя, арганізацыя выклала 770 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. У пашпарце аб’екта пазначана, што «рэстаўрацыя нежылога будынка» мелася завяршыцца ў сакавіку 2015 году. Міністэрства культуры будоўлю спыніла праз адсутнасьць «дакумэнтаў з узгадненьнем пэўных відаў работ з домам». Само прадпрыемства збанкрутавала. Неадрамантаваны будынак кінуты, а пляцоўка вакол яго зарастае.
«Калі казаць сумленна, то гэтыя будынкі доўга ў нас былі на балянсе. Гарадзкія ўлады намагаліся іх прадаць з аўкцыёну, але не знаходзілася пакупнікоў», — тлумачыць сытуацыю з дамамі супрацоўнік жыльлёва-камунальнага ўпраўленьня.
«Да помнікаў архітэктуры выстаўляюцца сур’ёзныя патрабаваньні ў распрацоўцы праектна-каштарыснай дакумэнтацыі і прывядзеньня будынкаў у першапачатковы стан, — казаў ён. — Таму людзі, якія жадалі іх купіць, сутыкаючыся з гэтай праблемай, пазьбягалі ўвязвацца ў такую гісторыю. Але рана ці позна знаходзіцца пакупнік і на гэты тавар, таму дом і быў прададзены».
Пажар зьнішчыў нутро дома і дах
Згарэлы дом не эксплюатаваўся ад 2006 году. Раней у ім месьціўся выцьвярэзьнік. Уладальнікам будынка была магілёўская міліцыя. Пазьней перадалі дом у камунальную ўласнасьць.
Пажарам зьнішчанае нутро дома і дах. Са сьцяны зьнікла шыльда, што будынак — помнік архітэктуры. Два месяцы таму першы паверх яго быў завалены бытавым сьмецьцем. Дзьверы былі расчыненыя, у пакоях гаспадарылі бяздомнікі.
Пажар у старым доме з ахоўным статусам выклікаў шквал нэгатыўных камэнтароў у сацыяльных сетках у адрас гарадзкой улады. Камэнтатары прыгадвалі, што яе высілкі скіраваныя цяпер не на захаваньне архітэктурнай спадчыны, а на навядзеньне глянцу ў горадзе да 750-гадовага юбілею.
«Цікава цяпер ведаць прычыну пажару, — гаворыцца ў адным з допісаў. — Якую казку нам на гэты раз раскажуць? Ува ўсім сьвеце ідзе барацьба за гістарычную каштоўнасьць, а ў нас усё, як і заўсёды».
Дом, у якім адбыўся пажар, добра праглядаецца з вышыні транспартнай разьвязкі. На яго фасадзе целяпаюцца рэшткі выцьвілай банэрнай сеткі, якою ў 2007 годзе занядбаны будынак хавалі ад Аляксандра Лукашэнкі. Банэрную сетку пажар не крануў.