У Празе 15 чэрвеня цэлы дзень гаварылі пра Скарыну: адбываўся Міжнародны навуковы сымпозіюм, ускладаньні кветак да памятнай дошкі на будынку Славянскай бібліятэкі і на месцы друку першай беларускай Бібліі, адкрыцьцё дзьвюх мастацкіх выставаў, прысьвечаных Скарыну.
Міжнародны сымпозіюм «Францішак Скарына і Прага» арганізавалі Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і амбасада Беларусі ў Празе. У ім бяруць удзел навукоўцы зь Беларусі, Літвы і Чэхіі.
Скарынаўскі дзень у Празе ў 20 здымках
Кветкі да памятнай дошкі Францішку Скарыну разам з удзельнікамі сымпозіюму ўсклаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
«Трэба больш размаўляць на беларускай мове», — міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў гэтыя словы ў інтэрвію Радыё Свабода: «Калі ты беларус, калі разумееш, што бяз мовы ня можа быць краіны — будзе і мова жыць, і краіна разьвівацца. Але нічога не павінна быць штучна, а павінна ісьці ад сэрца».
16 чэрвеня ў яго заплянаваныя перамовы зь міністрам замежных спраў Чэскай Рэспублікі Лубамірам Зааралкам.
Помнік Францішку Скарыну ў Празе
У будынку былога калегіюму езуітаў у Празе, дзе цяпер месьціцца Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, адкрыліся дзьве мастацкія выставы, прысьвечаныя Скарыну.
Падчас адкрыцьця выставы беларускай графікі, у якой бяруць удзел мастакі Ўладзімер Вішнеўскі, Валеры Славук і Раман Сустаў, адбылася ўрачыстая перадача кніг шматтамовага факсымільнага праекту «Кніжная спадчына Скарыны», які выйшаў у Менску, у фонды Нацыянальнай Бібліятэкі Чэскай Рэспублікі — Славянскай бібліятэкі.
Другая мастацкая выстава арганізаваная Бібліятэкай Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, Славянскай бібліятэкай Чэхіі і амбасадай Літвы ў Празе. Абедзьве выставы працягнуцца два тыдні.
Сэнсацыя: знойдзены другі партрэт Скарыны
На міжнародным сымпозіюме «Францішак Скарына і Прага», які праходзіць сёньня ў сталіцы Чэхіі, навуковец з Карлавага ўнівэрсытэту Пэтр Войт заявіў, што ідэнтыфікаваў другі партрэт беларускага асьветніка.
Скарына — гэта сучасны Джобс і Цукербэрг у адным
Беларускі першадрукар Францішак Скарына зрабіў кніжнае слова, а празь яго і ўсе веды чалавецтва, даступнымі для ўсіх і кожнага. Наватарству і арыгінальнаму падыходу беларускага асьветніка да кнігадрукаваньня прысьвечаная кніга «Францішак Скарына. Чалавек-легенда» беларускага дасьледчыка Алеся Сушы. Кніга выйшла ў сэрыі «Беларуская дзіцячая энцыкляпэдыя». Сёньня яе прэзэнтавалі на міжнародным сымпозіюме ў Празе — «Францішак Скарына і Прага».