Менск заклікае Раду ААН скасаваць мандат спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі

Спэцдакладчык па сытуацыі ў Беларусі Міклаш Харасьці

Беларусь заклікае Раду ААН па правах чалавека скасаваць мандат спэцдакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, заявіў сталы прадстаўнік Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч.

Ён заявіў пра гэта, выступаючы сёньня на сэсіі Рады падчас разгляду дакладу спэцдакладчыка Міклаша Харасьці. Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН.

• Адмысловы дакладчык ААН Харасьці — пра новы цыкль рэпрэсіяў у Беларусі

Амбразевіч адзначыў, што ў 2012 годзе мандат спэцдакладчыка быў зацьверджаны 15 галасамі, а гэта менш за траціну складу Рады. На думку прадстаўніка aфіцыйнага Менску, гэта падрывае давер да дзейнасьці Рады. «Зацьвярджэньне мандату дэ-факта адной вузкай групай краін таксама прымушае сумнявацца ў далейшай непрадузятай дзейнасьці мандатарыя, — заявіў Амбразевіч. — Стварэньне мандатаў бяз згоды ўраду закранутай краіны зьяўляецца неэфэктыўным мэтадам працы і зьяўляецца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы дзяржавы».

Паводле Амбразевіча, за «бясплённым мандатам» па Беларусі стаяць краіны Эўразьвязу і ЗША. Ён падкрэсьліў, што з Брусэлем і Вашынгтонам Менск вядзе двухбаковыя кансультацыі, у тым ліку ў пытаньнях правоў чалавека, што зьяўляецца «належным доказам адкрытасьці Беларусі».

«Два гады ўзаемадзеяньня з ЭЗ безь яго аднабаковых санкцыяў у дачыненьні да Беларусі прынесьлі ўсім удзельнікам больш плёну, чым папярэднія 15 гадоў абмежаваньняў і забаронаў», — заявіў Амбразевіч.

Ён зазначыў, што прынцыповая пазыцыя Беларусі аб бессэнсоўнасьці і непатрэбнасьці мандату застаецца нязьменнай. «Мы перакананыя, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кардынальна не адрозьніваецца ад большасьці краінаў сьвету і не нясе пагрозы ні грамадзянам Беларусі, ні нашым суседзям, ні сусьветнай супольнасьці ў цэлым», — сказаў беларускі дыплямат.

Амбразевіч ніяк не пракамэнтаваў зьмест дакладу пра сытуацыю ў Беларусі, у якім адзначаецца цыклічны характар парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, адзначаецца хваля масавых рэпрэсіяў у лютым-сакавіку сёлета і выказваецца перасьцярога наконт зьяўленьня новых палітвязьняў у Беларусі.