Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Леанід Падбярэцкі падказаў кіраўніку суседняй дзяржаве, дзе ляжыць беларуская рэліквія, якую трэба вярнуць на радзіму.
Ён спадзяецца, што вядомыя расейскім уладам зьвесткі пра месцазнаходжаньне крыжа Пуцін агучыць падчас «прамой лініі», якая адбудзецца 15 чэрвеня, альбо адпіша яму асобным лістом.
На крыжы закляцьце пра беды ды няшчасьці, і яно збываецца
Леанід Падбярэцкі лічыць, што Пуцін ведае, дзе захоўваецца Крыж Эўфрасіньні Полацкай, і ўпэўнены: беларускую рэліквію абавязкова вернуць Беларусі. Беларускія каштоўнасьці, перакананы аўтар звароту да кіраўніка Расеі, павінны быць у Беларусі.
Калі ад Пуціна ня будзе адэкватнай рэакцыі, кажа актывіст, то гэта не азначае, што трэба апускаць рукі. Трэба пастаянна нагадваць расейцам, што ёсьць такая праблема, і пакуль яна ня будзе вырашаная, то застанецца актуальнай.
На думку актывіста, цяперашняя беларуская ўлада ня надта высільваецца, каб адшукаць сьляды зьніклай рэліквіі.
«Гэта ня проста каштоўная рэч, а намолены сымбаль Беларусі. Я разумею, што цяпер ягоная каштоўнасьць ня ўпісваецца ў палітычныя рэаліі, — тлумачыць сваю пазыцыю Падбярэцкі. — На дзяржаўных сымбалях няма яму месца. Наш герб „Пагоня“ і Крыж Эўфрасіньні на ёй. А паколькі і Пагоня, і Крыж Эўфрасіньні ня ўпісваюцца ў канву дзяржаўнай ідэалёгіі, то пра іх стараюцца асабліва не гаварыць».
«На крыжы закляцьце, якое прарочыць кожнаму, хто наважыцца яго вывезьці зь Беларусі, беды ды няшчасьці, — кажа Падбярэцкі. — Нават маскоўскі цар Іван ІV (Жахлівы), захапіўшы Полацак, адмовіўся ад жаданьня валодаць крыжам і сам вярнуў яго ў полацкі манастыр. Іван Жахлівы зразумеў, чым яму пагражае крыж. І Пуцін ня дурань і зразумее, што беларускую рэліквію трэба вярнуць на яе радзіму».
Гісторык Тарасаў: крыж у Расеі
У сваім допісе актывіст падказаў Пуціну, што Крыж Эўфрасіньні Полацкай варта шукаць у Троіца-Сергіевай ляўры падмаскоўнага Сергіева Пасаду. Актывіст спасылаецца на зьвесткі гісторыка Сяргея Тарасава, які ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Міхасём Скоблам агучыў такую вэрсію.
Сяргей Тарасаў трымаецца свайго погляду. Ён кажа, што вывезеную ў вайну беларускую рэліквію Сталін аддаў герархам Рускай праваслаўнай царквы, каб задобрыць сьвятарства.
На ягоную думку, усё, што да пачатку 1941 году канфіскоўвалася ў царквы, было занесена ў «госхраны» альбо ў фонды музэяў. А адтуль дастаць і вярнуць царкве было немагчыма. Заставалася аддаць тое, што не было ўлічана. А такім няўлічаным маглі стацца каштоўнасьці і з Магілёўскага музэю, у тым ліку і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
«Мне цяжка казаць, калі гэта было, але пэўна ў 1942-43 гадах. Сталін аддаў яго за тое, што царква „падтрымала“ савецкую зброю. Крыж на той момант быў своеасаблівай „неўчцёнкай“, і ім было зручна разьлічыцца», — выказаў думку гісторык.
У 1941 годзе з Магілёва ў Маскву адправілі машыну, наладаваную партыйным архівам ды гістарычнымі і культурнымі каштоўнасьцямі. Сярод іх быў і Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Куды падзеўся той скарб, невядома. Крыж дагэтуль афіцыйна знаходзіцца ў вышуку.
Сяргей Тарасаў скептычна ставіцца да спадзеваў, што Пуцін надасьць зьвесткі пра крыж магілёўцу, але лічыць, што нагадваць расейскаму кіраўніцтву аб праблеме вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў на радзіму варта.
«Нагадваць і не забываць, вядома ж, варта, але наколькі гэта дасьць плён... Спадзяюся, калі-небудзь дасьць, але не пры цяперашняй расейскай і беларускай уладзе», — адзначае гісторык і дадае:
«Міністру культуры Беларусі пасьля публікацыі на Свабодзе задавалі пытаньне, ці дасылалі зварот пра месцазнаходжаньня крыжа расейцам. Ён сказаў, што быў запыт, але ім адпісалі, што нічога няма. А што яшчэ можна было чакаць...».
Сяргей Тарасаў у гутарцы зь Міхасём Скоблам адзначаў, што захоўваньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай у Троіца-Сергіевай ляўры вельмі значнае для Расейскай праваслаўнай царквы, бо туды адкрытага доступу няма. Крыж ляжыць у такім месцы, казаў ён, куды звычайнаму чалавеку трапіць немагчыма. Разам з тым гісторык дапускаў, што афіцыйныя асобы зь Беларусі маглі бачыць рэліквію.
Крыж шукаюць КДБ і энтузіясты
Сёлета ў час круглага стала, які зладзіла дзяржаўная газэта «Рэспубліка» на тэму абноўленага складу дзяржаўнай Камісіі ў выяўленьні і вяртаньні культурных каштоўнасьцяў, чыноўнікі казалі, што пошукі адной з самых значных беларускіх рэліквіяў — Крыжа Эўфрасіньні Полацкай — ідуць пастаянна «з большай ці меншай актыўнасьцю».
Пры гэтым адзначалася, што ў ранейшым складзе камісіі былі задзейнічаныя прадстаўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якія мэтанакіравана шукалі крыж. Цяпер жа, паводле намесьніка міністра культуры Аляксандра Яцко, у камісіі працуюць «энтузіясты гэтай справы».
На круглым стале гучала думка, што ў пошуках Крыжа Эўфрасіньні Полацкай трэба спадзявацца на цуд. Згадвалася, як у 2003 годзе знайшлося рукапіснае Слуцкае Эвангельле XVI стагодзьдзя, якое доўгія гады лічылі страчаным. Таму ёсьць надзея, што гэтаксама некалі знойдзецца і Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай афіцыйна знаходзіцца ў вышуку. Пасьля вывазу рэліквіі з Магілёва яе лёс застаецца невядомым. У 1943-м і 1945 годзе сакратар ЦК КПБ Панцейлямон Панарамэнка двойчы публічна казаў пра крыж як прадмет мастацтва, які ня быў згублены, а знаходзіцца ў распараджэньні кіраўніцтва СССР. Рабіліся спробы адшукаць беларускую рэліквію ў ЗША, якія аказаліся бясплённымі.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай выраблены ў Полацку для царквы Сьвятога Спаса на замову прападобнай ігуменьні Эўфрасіньні Полацкай майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмальер Мікалай Кузьміч вырабіў копію крыжа, якая 24 жніўня 1997 году была асьвечаная мітрапалітам Філарэтам. Яна захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Эфрасіньеўскага жаночага манастыра.