На Дняпры пад Магілёвам пачынаюцца вайсковыя манэўры ў рамках «Захаду-2017»

Дняпро

13 чэрвеня ў Магілёўскім раёне на Дняпры пачаліся сумесныя беларуска-расейскія манэўры інжынэрных войскаў. Паводле Мінабароны, ад Беларусі ў манэўрах возьмуць удзел пантонна-маставы батальён 118-й гвардзейскай інжынэрнай брыгады, ад Расеі — пантонныя часткі расейскіх інжынэрных войскаў, нумары якіх не паведамляюцца.

Няма інфармацыі і пра колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія прыедуць пад Магілёў будаваць пантонны мост на Дняпры. Вучэньні пантоньнікаў названыя элемэнтам расейска-беларускіх стратэгічных манэўраў «Захад-2017», якія пройдуць у верасьні. Паведамляецца, што мэта магілёўскіх манэўраў — адпрацоўваньне сумесных дзеяньняў па навядзеньні пераправы праз водную перашкоду. Працягнуцца вучэньні на Дняпры да 15 чэрвеня.

Пра тое, што ў Беларусі, акрамя манэўраў «Захад-2017», чакаюцца манэўры інжынэрных войскаў па навядзеньні мастоў і пераправаў, раней пісалі ўкраінскія ваенныя экспэрты.

Ці магчыма такое, што вучэньні на беларускай частцы Дняпра стануць падрыхтоўкай да апэрацыі расейскіх войскаў на Дняпры ўкраінскім? Гэтае пытаньне карэспандэнт Свабоды задаў незалежнаму ваеннаму аглядальніку Аляксандру Алесіну.

Аляксандар Алесін

«Найперш адзначу, што гэта ня першыя сумесныя вучэньні беларускіх і расейскіх пантоньнікаў. Падобныя вайсковыя мерапрыемствы ўжо праводзіліся рэгулярна, у тым ліку з удзелам і ўкраінскіх інжынэрных частак — да канфлікту ва Ўкраіне такое бывала, цяпер гэта немагчыма.

Ці могуць такія манэўры быць адпрацоўкай нейкіх сакрэтных плянаў адносна Ўкраіны? Гэта я выключаю.

Лукашэнка, наадварот, як мне бачыцца, імкнецца сытуацыю ў прымежжы з Украінай не абвастраць, яму гэта непатрэбна. На прасторы СНД пасьля Расеі Ўкраіна — наш самы важны мытны і гандлёвы партнэр, яны шмат закупляюць нашай тэхнікі, іншых тавараў.

Таксама, мяркую, не ў інтарэсах цяпер і Расеі дражніць Захад, дэманстраваць, што яны могуць ударыць па Ўкраіне. У Расеі склалася досыць сурʼёзная сытуацыя ў Сырыі, Аўганістан зноў пачынае палыхаць, у Чачні і ўвогуле на Каўказе сытуацыя зноў незразумелая. Таму, мяркую, лішняя гарачая кропка расейцам цяпер непатрэбная, а выгады яны ніякай не атрымаюць.

Бо і ЗША звышпільна сочаць за гэтым рэгіёнам, і Эўропа проста ўся натапырылася і хваравіта рэагуе на любыя спробы абвастрыць сытуацыю ва Ўкраіне. Таму больш як на манэўры Расея не адважыцца.

А падобныя манэўры, як той жа „Захад-2017“, — гэта толькі каб паказаць, што яны ня сталі слабейшымі і што мы па-ранейшаму разам. Такія сымбалічныя жэсты, ня больш за тое».

Паводле Аляксандра Алесіна, за 2017 год на тэрыторыі Беларусі адбудзецца ўсяго каля 40 розных вучэньняў, у тым ліку сумесных. Экспэрт мяркуе, што пасьля правядзеньня ў верасьні маштабных расейска-беларускіх манэўраў «Захад-2017» вайсковая актыўнасьць на тэрыторыі краіны істотна зьнізіцца.