Днямі ў сталічнай «Галерэі-tut.by» прайшла прэзэнтацыя двухтомніка Ўладзімера Дубоўкі, адначасова выйшла ў сьвет і дакумэнтальная кніга пра паэта. Яе ўкладальніца Ганна Севярынец — госьцяй перадачы.
— Спадарыня Ганна, поўная назва ўкладзенай вамі кнігі — «Уладзімер Дубоўка. Ён і пра яго». Чытачы могуць падумаць, што гэта традыцыйны для нашай літаратуры зборнік успамінаў. Але гэта не зусім так. Патлумачце, як зробленая ваша кніга?
— Яна зробленая на ўзор вядомага выданьня Вікенція Верасаева «Пушкін у жыцьці». Справа ў тым, што калі мы бярэм фрагмэнты ўспамінаў, дакумэнты, лісты і разьмяшчаем іх у храналягічнай пасьлядоўнасьці без суб’ектыўнага ўмяшаньня збоку, — атрымліваецца больш-менш аб’ектыўны расповед пра жыцьцё чалавека. Я б назвала гэта 3D-ракурсам. Спадзяюся, гэткі мэтад спрацаваў і ў выдадзенай «Лімарыюсам» кнізе пра Дубоўку — чалавека маштабнага лёсу, арыгінальнага творцы, чыя біяграфія надзвычай цікавая.
— У вашай кнізе, выданьню якой, дарэчы, фінансава паспрыяла Сьвятлана Алексіевіч, безьліч унікальных дакумэнтаў. А сярод ілюстрацый — нават адбіткі пальцаў Дубоўкі, узятыя ў яго ў Грузіі, у горадзе Зугдзідзі, пасьля чарговага арышту. Як вам удалося адшукаць столькі архіўных цікавостак у розных краінах сьвету?
— Шмат дакумэнтаў па Дубоўку апублікаваў гісторык Уладзімер Міхнюк. Ён пасьпеў патрапіць у архіў КДБ у часы адлігі. А што тычыцца іншых архіваў... Яшчэ напачатку сваёй працы я напісала запыты паўсюль, дзе адбываў высылку Дубоўка — у расейскія гарады Яранск, Бірабіджан і Чэбаксары, у грузінскія Тбілісі і Зугдзідзі. Найлепшыя адносіны ў мяне склаліся з архівам МУС Грузіі. Па-першае, адтуль вельмі хутка прыходзілі адказы, там зразумелая сыстэма атрыманьня дакумэнтаў. Па-другое, мне там вельмі ахвотна дапамагалі людзі, зь якімі мы знаёмыя толькі завочна, праз фэйсбук. Каб знайсьці дакумэнты ў Почаце (гэта Краснаярскі край), я пісала ў краснаярскія газэты, прасіла, каб паслалі туды журналіста, але ніхто мне не дапамог, відаць, нават для Краснаярску той Почат такая Цьмутаракань... Тады я знайшла «Вконтакте» суполку вучняў Початаўскай школы. Аказалася, яны ўсе там ведаюць Дубоўку... Складана было зь Бірабіджанам, дзе Дубоўка 10 гадоў прабыў у лягеры — там я нічога не знайшла. А Чэбаксары я мэтадычна штурмавала цэлы год, бо там павінны знаходзіцца забраныя рукапісы, калі іх, канешне, ня зьнішчылі.
— Поўныя зборы твораў узвышаўцаў Уладзімера Жылкі і Язэпа Пушчы выйшлі яшчэ ў 90-я гады. Чаму аказаўся забытым Дубоўка?
— Нельга сказаць, што ён аказаўся забытым. Шмат пра Дубоўку пісала Ірына Багдановіч, і кнігі ягоныя (пераважна выбраныя вершы) усё ж выходзілі. Поўнае выданьне спадчыны Дубоўкі — справа вельмі складаная. Найперш для тэкстолягаў, бо ён шматкроць перарабляў свае творы, гэта патрабуе сур’ёзнага падыходу. Да таго ж, паэзія Дубоўкі — не такая простая рэч, як вершы Пушчы ці Жылкі. Я не хачу іх параўноўваць, але Дубоўка яшчэ ў 20-я гады быў паэтам, якога многія любілі, але рэдка хто разумеў. Яго творчасьць — гэта вельмі высокая ступень паэтычнай культуры, не ўласьцівая тагачаснай беларускай літаратуры. Нездарма гаварылася: каб чытаць і разумець Дубоўку, трэба мець дзьве вышэйшыя адукацыі. Паэт жыў у Маскве зь 1915 году, вучыўся ў Літаратурным інстытуце, нават быў сакратаром літінстытуцкага кабінэту паэтыкі. Беларускі студэнт быў улюбёным вучнем Валерыя Брусава, часта бываў у яго дома, настаўнік размаўляў зь ім наўпрост, як зь сябрам. Дубоўка быў прагным да ведаў, да таго, што яму хацелі перадаць іншыя людзі. Як паэт ён рос літаральна па хвілінах.
— «Добры паэт Дубоўка, але чаму ў яго няма пратэсту, а ёсьць толькі жаль? У мужчыны гэта нецікава», — дзялілася сваімі чытацкімі ўражаньнямі Ларыса Геніюш у лісьце да Міколы Прашковіча. Што б вы сёньня адказалі на такі папрок?
— Калі я ўпершыню прачытала гэтыя словы Геніюш, мне было вельмі крыўдна за Дубоўку. Недзе ў душы ў мяне ўсё парахавалася — і тое, што Дубоўка прабыў у лягеры і на высылцы ня восем, а дваццаць сем гадоў, і што яму не ўдалося ўратаваць свайго сына, і што на ім ляжаў цяжар віны перад уласнай жонкай, якой ён паламаў жыцьцё... Да таго ж, яму дужа хацелася вярнуцца ў літаратуру. Вось чаму ён схапіўся за Шэксьпіра. Якраз надыходзіла ягонае 400-годзьдзе, і Дубоўка ўсё добра пралічыў. Шэксьпір не ўваходзіў у кола яго літаратурных прыярытэтаў, але ён ведаў, што калі перакладзе ўсе шэксьпіраўскія санэты, то бясспрэчна ўвойдзе ў гісторыю беларускай літаратуры. Што да пратэстаў... Дубоўка не зьбіраўся змагацца з камуністычнай уладай, яму гэта было нецікава. Як творца ён мысьліў больш маштабнымі катэгорыямі.
— Чаму нецікава? Згадайма выразна антысавецкі верш «На ўшанаваньне падзелу беларускай зямлі», напісаны яшчэ ў 1926 годзе. Дарэчы, чаму Дубоўку арыштавалі толькі праз чатыры гады? Так доўга не маглі вызначыць аўтарства?
— Сапраўды, аўтарства было вызначыць няпроста. Верш хадзіў па руках у сьпісках пад псэўданімам Янка Крывічанін. А як урэшце вызначылі аўтара? Тэкст быў надрукаваны на машынцы Беларускага прадстаўніцтва ў Маскве — там была надламаная літара «р». Дубоўка напісаў і перадрукаваў верш у Маскве, а сьледчыя працавалі ў Менску, і з-за гэтага справа зацягнулася. Да таго ж, гэта быў яшчэ гуманны 1926 год, шмат каго спэцслужбы пакуль толькі «вялі». І толькі ў 1929-м, пасьля высылкі Алеся Дудара (таксама за верш, прысьвечаны падзелу Беларусі) перайшлі да больш рашучых дзеяньняў. А ўжо ў 1930-м многіх арыштавалі.
— Чатыры прысуды, дваццаць сем гадоў турмы, лягеру і высылкі — ніхто столькі ня меў. Сам Дубоўка гаварыў, што ўвесь гэты час нічога не пісаў. Але неяк ня верыцца, што гэткі пасіянарны чалавек столькі гадоў маўчаў. Ці ўсё ж і праўда — не напісаў ні радка?
— Я ўжо згадвала, што пры вобшуку ў Чэбаксарах у яго забралі тэчку з рукапісамі — гэта задакумэнтавана. Што там было? Я цэлы год перапісвалася з Чабаксарамі — безвынікова. Трэба ехаць і шукаць, і калі надарыцца такая магчымасьць, я абавязкова паеду. У 1937 годзе быў новы прысуд — 10 гадоў лягеру. Наўрад ці ў лягеры ён нешта мастацкае пісаў, бо нават лісты дадому напісаныя абы-чым на абы якой паперы. Але з таго пэрыяду цудам захаваўся нататнік, дзе я зь цяжкасьцю, але разабрала нататкі пад назвамі «Агарод у лягеры», «Турма», «У тайзе». Так што нейкія накіды Дубоўка ўсё ж рабіў. З Грузіі мне пераслалі акт перасылкі ў Менск пакунка з паперамі Дубоўкі, які я пакуль не знайшла. Але, магчыма, у архіве беларускага КДБ знаходзяцца нейкія рукапісы. Будзем шукаць.
— У новым двухтомніку зьмешчаны і самы скандальны верш Дубоўкі «Падобны з твару да машчэй, / а па душы даўно нябожчык, / яшчэ ты жыў, стары кашчэй, / усё мінаеш хату з дошчак...». На вашу думку, з кім паэт так «паквітаўся»?
— Або зь Петрусём Броўкам, аба з Кандратам Крапівой. З Крапівой у Дубоўкі былі вельмі спэцыфічныя адносіны пасьля таго, як ён вярнуўся. А Броўка, магчыма, як старшыня Саюзу пісьменьнікаў меў дачыненьне да выданьня выбраных твораў Дубоўкі ў 1959 годзе. Сам паэт яго вельмі не любіў — і за прадмову Пятра Глебкі, і за рэдактуру Алеся Кучара. Бо ў выніку атрымалася моцна цэнзураваная кніга, скажам, вядомы верш «О Беларусь, мая шыпшына» паэта змусілі перапісаць чатыры разы. Таму наступнае выданьне — двухтомнік 1965 году — Дубоўка вельмі настойліва «выкалочваў» з Саюзу пісьменьнікаў, каб «рэабілітаваць» свае тэксты.
— Але навошта ён паддаваўся на вымогі рэдактараў-цэнзараў? Навошта перапісваў?
— Яму хацелася вярнуцца ў літаратуру. Уявіце — Дубоўка прыяжджае ў Менск, а тут у Акадэміі навук сядзяць Глебка і Крапіва, а ў Саюзе пісьменьнікаў — Броўка. Ладна, каб там сядзелі Бабарэка і Жылка, роўныя Дубоўку па таленце. Ці хоць бы Дудар там сядзеў. Але «кіравалі працэсам» у Менску Глебка і Броўка — людзі, якія ў пуп дыхалі Дубоўку і па таленце, і па астатніх якасьцях. І канешне ж, Дубоўку хацелася самасьцьвердзіцца, і ён пастанавіў якім заўгодна чынам вярнуцца ў літаратуру.
— Гэткі ж былы гулагавец Мікалай Улашчык марыў пераехаць з Масквы ў Менск, працаваць у Інстытуце гісторыі. Не далі. Дубоўку таксама не далі, ці — не захацеў сам?
— Сам не хацеў, прычым катэгарычна. Ён прыехаў у Менск, пабываў на паседжаньнях у Саюзе пісьменьнікаў, пабачыў і пачуў, чым жывуць творцы... Разумееце, Дубоўка быў чалавекам, хуткім на недавер. Калі нехта паступіў у адносінах да яго подла, Дубоўка не дароўваў. Амаль ніколі. Адначасова ён быў чалавекам непахісных маральных прынцыпаў. І калі ўзьнікаў канфлікт паміж чалавечай годнасьцю і дыпляматыяй, Дубоўка заўсёды выбіраў годнасьць. Таму ў Маскве ён пачуваўся больш утульна, ён там быў сам-насам са сваёй творчасьцю, са сваёй бібліятэкай, з горадам, які вельмі любіў, дзе жыў зь юнацтва. Там была кватэра ягоных бацькоў, у Падмаскоў — магіла сына Альгерда. Што яму было рабіць у Менску?
— Паэзія — жанр найперш маладзёвы. Назавіце тры прычыны, па якіх сёньняшнім маладым людзям трэба чытаць Уладзімера Дубоўку.
— Па-першае, Дубоўка абагульніў эпоху «нашаніўства» і праклаў ад яе масток у новую беларускую літаратуру, тую, якую мы атрымалі ў 60-я гады. Немагчыма ўявіць Куляшова, Панчанку, Гілевіча ці Барадуліна без набыткаў Дубоўкі. Па-другое, паэзія Дубоўкі — гэта такая прышчэпка ад гладкапісаньня. Бродзкі калісьці казаў: калі ў цябе пяро піша вельмі гладка — зламай яго. І Дубоўка сьвядома ламаў сваё пяро, каб пісаць складана і ў глыбіню. Па-трэцяе, ад вершаў Дубоўкі соладка ў роце. Прагаворыш яго радкі ўслых — і ў цябе ўнутры зьяўляецца нейкая гармонія сусьветная, як ад музыкі Моцарта ці ад прагляду клясычнага жывапісу.