Ягоны фатаздымак у форме расейскага АМАПу быў разьмешчаны на сайце тэлеканалу «Дождь». У лістападзе 2013 году менавіта пад кіраўніцтвам Сяргея Кусюка быў жорстка разагнаны студэнцкі пратэст на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве супраць адмовы Ўкраіны ад эўраінтэграцыі. Тады зьбітыя актывісты хаваліся ад перасьледу ў Міхайлаўскім саборы, дзе ім аказвалася мэдычная дапамога. Менавіта пасьля гэтага крывавага разгону ва Ўкраіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія завяршыліся ў 2014 годзе зьменаю ўлады.
Апроч таго, Сяргей Кусюк падазраваўся ў датычнасьці да арганізацыі нападу ды зьбіваньня ўкраінскай журналісткі Тацяны Чарнавол, якая цяпер абраная дэпутаткай парлямэнту паводле сьпісаў партыі «Народны фронт».
Пасьля Рэвалюцыі годнасьці кіраўнік кіеўскага «Бэркута» Сяргей Кусюк уцёк у Крым. Зь лета 2015 году на запыт Генэральнай пракуратуры Ўкраіны ён знаходзіцца ў вышуку паводле абвінавачаньняў у перашкодзе правядзеньня мірнай акцыі пратэсту і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.
Ва Ўкраіне з 2015 году трывае судовы працэс над пяцьцю супрацоўнікамі «Бэркута», датычнымі да разгону акцыяў пратэсту ў лістападзе 2013 году і забойстваў іх актывістаў на пачатку 2014-га. У траўні 2016 году Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла, што да расстрэлу ўдзельнікаў пратэсту датычныя 23 байцы «Бэркута» і трое іхных камандзіраў.
У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў, у тым ліку двое замежных грамадзян — беларус Міхал Жызьнеўскі і грузін Давід Кіпіяні.