Найлепшыя думкі

Морыц фон Швінд, «Зранку» (1858)

Найлепшыя думкі прыходзяць зранку, па дарозе на работу, калі паўсонны мозг, вольны яшчэ ад будзённай рутыны, тусуе рэшткі начных відзяжоў з відарысамі ранішняга горада. Асабліва спрыяе гэтаму дождж і слота, выпрабаваныя хаўрусьнікі мэлянхоліі і самакапаньня. На жаль, большасьць тых думак лёгка губляецца ў дзённай гонцы, і такая творчасьць — узбочны прадукт жыцьцядзейнасьці — не пакідае межаў адной галавы. Але цешыць надзеяй, што калісьці, калі зранку ня трэба будзе езьдзіць на працу, вось тады…

Ды чым бліжэй пэнсія, тым ясьней разумееш — разам з працай і штодзённым тлумам можа скончыцца і «ўзбочны прадукт» — тыя нечаканыя, неабавязковыя, але найлепшыя думкі-мроі, што грэюць маладых ды аптымістых.

Васіль Аўраменка

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org