Супрацоўнікі станцыі кажуць, што такое прадпісаньне паступіла на адрас іхнай установы пасьля вучэньняў па грамадзкай бясьпецы, якія праводзіліся ў раёне ў траўні 2017 году.
Антон Агароднік, майстар на станцыі абезжалезваньня вады ў Івацэвічах, кажа, што дрэвы вырошчваліся больш за дзесяць гадоў і дагэтуль нікому не заміналі:
«Падчас вучэньня была змадэляваная сытуацыя нападу на аб’ект. Нехта праз агароджу на тэрыторыю станцыі перакінуў бутэльку з надпісам „аміяк“. Сюды прыбылі пажарныя, санстанцыя. Вайскоўцы пасьля вучэньняў правялі інспэкцыю аб’екта і выявілі парушэньні. Сярод іх — тое, што дрот на агароджы трэба ўсталяваць з нахілам у іншы бок. А за 10 мэтраў ад агароджы трэба зьнішчыць усе дрэвы. Мы складалі тут падрабязную мапу, дык падлічылі, што трэба зьнішчыць каля 100 дрэваў. А гэта яблыні, грушы, клёны, бярозы, ліпы, агулам больш за 20 розных гатункаў. Шкада дрэваў. Ламаць заўсёды прасьцей, чым будаваць».
Працаўнік станцыі Станіслаў Халадовіч, які саджаў дрэвы сваімі рукамі, кажа Свабодзе, што быў у Івацэвіцкім раённым ваенкамаце, і ваенком яму там сказаў, што рашэньне аб зьнішчэньні дрэваў ужо падпісалі і перадалі кіраўніку станцыі:
«Мне было сказана, што наша прадпрыемства ўваходзіць у пералік стратэгічна важных аб’ектаў у сьпісе Мінабароны. Таму рашэньне аб зьнішчэньні дрэваў прынятае і будзе неўзабаве выкананае».
Але карэспандэнту Свабоды кіраўнік раённага ваенкамату Аляксандар Сахонь сказаў іншае:
«Па-першае, ваенкамат ня мае паўнамоцтваў выносіць падобнага кшталту прадпісаньні. Чалавек проста перабольшвае наконт прадпісаньня. Але ўсе адказы на пытаньні наведнікаў мы агучылі. Перад ваенкаматам стаяць зусім іншыя мэты, і камэнтаваць пытаньні высяканьня дрэваў я ня маю паўнамоцтваў».
Станіслаў Халадовіч абураецца рашэньнем зьнішчыць дрэвы, бо лічыць, што гэты крок ня мае сэнсу. Паводле ягоных слоў, станцыя па абезжалезваньні вады насамрэч ня мае для гораду аніякага стратэгічнага значэньня. І няма патрэбы яе ахоўваць:
«Раней ваду ў горад пампавалі наўпрост, станцыю пабудавалі толькі ў 2010 годзе. А цяпер нават ахову гэтага аб’екта вядуць. А гэта бяз сэнсу. У той жа час самі крыніцы вады, зь якіх і вядзецца водазабесьпячэньне цэлага гораду, ніхто не ахоўвае. Дастаткова перакрыць некалькі кранаў, і вада будзе падавацца наўпрост, абмінаючы нашу станцыю. А калі атруціць ваду ў крыніцах ці пашкодзіць водаправод, то мы аніяк ня можам паўплываць на сытуацыю. Я паводле адукацыі гідратэхнік і магу сказаць, што людзі, якія займаюцца аховай і супрацьдзеяньнем дывэрсіям, проста дылетанты ў водазабесьпячэньні, яны не разумеюць прынцыпаў. Трацяцца грошы на ахову, на вучэньні. Але гэта непатрэбна і бяз сэнсу. А тое, што сапраўды важнае і парушэньне чаго можа пацягнуць за сабой жахлівыя наступствы — то на гэта ўвага не зьвяртаецца.
Мы абураныя загадам аб зьнішчэньні дрэваў. Наш гендырэктар заўсёды падтрымліваў намаганьні па азеляненьні тэрыторыі. А цяпер раптам усё трэба зьнішчыць, бо так лічаць вайскоўцы. Так ёсьць, што нават калі каля свайго дому задумаеш высякаць дрэва, дык патрэбныя дазволы, а тут загад. Можна падумаць, дрэвы зьнішчаць і водазабесьпячэньне Івацэвічаў стане цалкам абароненым ад дывэрсантаў».
У любым выпадку, калі рашэньне і прынятае, то паводле заканадаўства яно павінна яшчэ прайсьці працэдуру ўзгадненьня з раённай інспэкцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. У гэтай установе Свабодзе сказалі, што такога рашэньня наконт станцыі абезжалежваньня вады да іх не паступала.