Двух затрыманых на акцыі супраць карупцыі ў Маскве — Антона Шапашнікава і Міхаіла Давыдава — вязуць у Сьледчы камітэт. Актывістаў абвінавачваюць у нападзе на паліцыянтаў з распыленьнем пярцовага газу, паведамляе «АУС-Інфа».
Тым часам, грамадзянская актывістка Юлія Галяміна трапіла ў шпіталь пасьля таго, як яе разам з мужам на акцыі супраць карупцыі ў Маскве зьбілі супрацоўнікі АМАПу. Пра гэта сама Галяміна паведаміла ў «Твітэры»: «Я ў шпіталі. Баліць галава. Жывая».
Муж актывісткі цяпер знаходзіцца ў аддзеле паліцыі. Юлія Галяміна выступае супраць рэнавацыі ў Маскве. Летась увосень яна балятавалася ў дэпутаты Дзярждумы Расеі ад партыі «Яблоко».
Усяго на антыкарупцыйнай акцыі супраць карупцыі ў Маскве 12 чэрвеня, арганізаванай прыхільнікамі палітыка Аляксея Навальнага, паводле апошніх дадзеных, былі затрыманыя больш за 700 чалавек. Паліцыянты ўжывалі сілу. У Санкт-Пецярбурзе на аналягічным мітынгу затрымалі каля 500 актывістаў. У іншых гарадах Расеі таксама адбываліся затрыманьні ўдзельнікаў акцыяў.