Пераклад кнігі Тані Скарынкінай атрымаў узнагароду ангельскага ПЭН-цэнтру

Кніга Тані Скарынкінай «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі» ў перакладзе на ангельскую мову Джыма Дынглі атрымала сёлета ўзнагароду PEN Translates ангельскага ПЭН-Цэнтру.

Кніга «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі» летась трапіла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. Некаторыя тэксты Тані Скарынкінай публікаваліся на сайце svaboda.org.

Узнагарода — аплата выдавецтву выдаткаў на ганарар перакладчыку — прысуджаецца штогод ад 2012 году кнігам, якія абірае адмысловая камісія. Перавага аддаецца за «выдатную літаратурную якасьць, сілу і арыгінальнасьць выдавецкага праекту і ўклад у літаратурную разнастайнасьць Вялікабрытаніі». Сёлета камісія палічыла вартымі ўзнагароды 18 кніг на 14 мовах з 16 краінаў.

Кнігі, якія атрымліваюць узнагароду PEN Translates, рэклямуюцца на сайце «Сусьветная кніжная паліца» (World Bookshelf), якой апякуецца ангельскі ПЭН у партнэрстве з буйной брытанскай кнігарняй Foyles.

Кніга «A large Czesław Milosz with a dash of Elvis Presley» выйдзе ў кастрычніку 2017 году ў выдавецтве Scotland Street Press.

Гэта ўжо другая беларуская кніга, ушанаваная ўзнагародай PEN Translates. У 2013 годзе яе атрымала кніга Наталкі Бабінай «Рыбін горад» (Down Among the Fishes, выдавецтва Glagoslav Publications, пераклад Джыма Дынглі).