9 чэрвеня беларуская нобэлеўская ляўрэатка, сярод іншага, сказала:
«Вайна, якую пачала Расея ў Данбасе — на сумленьні Расеі. Такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю, і католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».
Паводле Пазьняка, заява Алексіевіч накіраваная перш за ўсё на распальваньне рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці ў беларускім народзе.
«Не прыпамінаю, каб хто калі (нават у асяродзьдзі адкрытых ворагаў Беларусі) гэтак казаў. Другое — такая заява накіравана на дэзынфармацыю заходніх палітыкаў і заходняга абывацеля, якія нічога ня ведаюць пра Беларусь і жывуць стэрэатыпамі Паўночнай Ірляндыі, Сэрбіі, Босьніі ды Косава. Хрысьціянства ў гэтай заходняй лібэралістычнай бюракратыі і ахлакратыі зьніжана, перакручана і не ў пашане», — напісаў Зянон Пазьняк.
Старшыня КХП-БНФ прапануе Сьвятлане Алексіевіч папрасіць прабачэньня ў беларусаў за распальваньне рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці.
«Першае, што трэба зрабіць, гэта (пажадана разам і каталікам, і праваслаўным) зьвярнуцца ў суд аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Сьвятланы Алексіевіч паводле артыкулу 130 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. — Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо розьні».
Пазьняк падтрымаў адкрыты зварот мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, у якім герарх сьцьвярджае, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфэсійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».