Пра тое, што ў Магілёўскім раёне ўсяго адна пляцоўка для грамадзкіх акцыяў, паведамілі жыхару пасёлку Вейна, калі ён зьвярнуўся ў райвыканкам па кансультацыю, што трэба зрабіць, каб такую акцыю дазволілі. У райвыканкаме актывісту і сказалі: пляцоўка, на якой ён можа правесьці масавае мерапрыемства, — за дваццаць кілямэтраў ад Вейна.
Лепей бы адразу ў лес адпраўлялі
Непадалёк ад Вейна ўзводзяцца і працуюць больш за тры дзясяткі вытворчасьцяў. Сярод іх ёсьць і хімічныя — як кажуць пасялкоўцы, яны шкодзяць навакольнаму асяродзьдзю. Грамадзкія слуханьні ды скаргі ў розныя дзяржаўныя інстанцыі рады не даюць. Вось і наважыўся жыхар пасёлку арганізаваць мітынг і шэсьце. Тое, што сказалі ў райвыканкаме, вяйнянец называе абсурдам.
«Мне сказалі: хочаце мітынг і шэсьце — едзьце на стадыён у Палыкавічы. Там Магілёўскаму раёну выдзеленая пляцоўка для мітынгаў і дэманстрацыяў, — пераказвае словы чыноўніка патэнцыйны пратэстовец. — На такія словы я адказаў, што лепей бы тады адпраўлялі людзей мітынгаваць адразу ў лес».
Адмаўляцца ад сваёй ідэі суразмоўца не зьбіраецца. Кажа, што арганізуе некалькі машын, адпаведным чынам іх аформіць і праедзе да Палыкавічаў праз увесь Магілёў.
«Як раней убіралі вясельныя машыны, дык і мы так зробім і картэжам праз горад. Няхай і магілёўцы задумаюцца, што хімія і ім пагражае. Я знайду ў пасёлку адчайных кіроўцаў, якія падтрымаюць мяне», — кажа пасялковец.
У Вейне ёсьць свой школьны стадыён, зь якога, дарэчы, відаць комін аднаго з хімічных прадпрыемстваў, а таксама немалы пляц перад Домам культуры, дзе праводзіліся грамадзкія слуханьні. Паводле жыхара Вейна, чыноўнік сказаў, што на гэтых пляцоўках праводзіць масавыя мерапрыемствы немэтазгодна, бо там складана забясьпечыць грамадзкі парадак.
А калі агароджу зламаюць?
У Магілёўскім райвыканкаме пацьвердзілі словы жыхара Вейна. Службоўцы сказалі, што прымалася рашэньне аб масавых мерапрыемствах на тэрыторыі раёну. Яно разьмяшчалася на сайце райвыканкаму і раённай газэце. Знайсьці гэты дакумэнт не ўдалося.
«Яго зьнялі ўжо, бо рашэньне прымалася даўно», — кажа намесьнік старшыні райвыканкаму Валер Яленскі. І нагадвае, што для атрыманьня дазволу на масавае мерапрыемства існуе пэўная працэдура.
«Каб атрымаць дазвол, трэба падаць заяўку ў раённы орган улады пра ініцыятараў, колькасьць удзельнікаў і гэтак далей. У вызначаны законам тэрмін яна будзе разгледжана», — кажа ён.
Суразмоўца ня змог з пэўнасьцю сказаць, ці трэба заключаць дамовы, як у абласным цэнтры, зь міліцыяй, камунальнікамі і мэдыкамі. Дапусьціў, што гэта залежыць ад колькасьці ўдзельнікаў.
«Яно ж невядома, што будзе пасьля такога мерапрыемства. А сьмецьце хто будзе прыбіраць? А калі агароджу паламаюць, хто будзе рамантаваць і з каго спаганяць? На гэта ж пойдуць затраты пэўныя», — сказаў Валер Яленскі.
Амаль пад вокнамі райвыканкаму — стадыён, каля якога магілёўскія гарадзкія ўлады дазваляюць праводзіць санкцыянаваныя акцыі. За апошні час, праўда, ніводнай такой акцыі тут не адбылося. Праводзіць масавыя мерапрыемствы, акцыі пратэсту, удалечыні ад людных вуліц мясцовыя актывісты апазыцыі лічаць немэтазгодным і ладзяць пратэсты ў цэнтры гораду. Пратэставаць побач з будынкам райвыканкаму жыхарам раёну нельга.
Сапраўдная мэта: заткнуць людзям рот
У Палыкавіцкім сельсавеце ведаюць, што мясцовы стадыён — пляцоўка для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, арганізаваных грамадзянамі, грамадзкімі арганізацыямі і палітычнымі партыямі. Але ніхто з супрацоўнікаў не прыгадаў, каб такія мерапрыемствы праводзіліся.
Стадыён каля школы ў Палыкавічах на ўскрайку вёскі. Непадалёк ад яго сканчаецца асфальтаваная дарога і пачынаецца грунтоўка. Калі апошні раз на стадыёне праводзілі спартовыя мерапрыемствы, мясцовыя жыхары не прыгадалі. Час ад часу, кажуць, на ім спаборнічаюць школьнікі. Пытаньня пра акцыі пратэсту на стадыёне суразмоўцы не разумелі.
«Сьмех дый годзе», — гэтак камэнтуе сытуацыю з адзіным у Магілёўскім раёне месцам для грамадзкіх пратэстаў праваабаронца Барыс Бухель.
«Такія рашэньні выяўляюць сапраўдныя мэты ўлады: ня даць людзям выказаць сваю пазыцыю наконт актуальнай для іх праблемы. Проста кажучы, ім затыкаюць рот, — кажа ён. — Беларусь падпісала процьму міжнародных дакумэнтаў, якія тычацца правоў чалавека. Зь іх вынікае, што любыя рашэньні павінны грунтавацца на рэальнай магчымасьці іх рэалізацыі, і дзяржава павінна спрыяць гэтаму. На справе ж у нас усё выглядае наадварот. Чыноўнікі робяць усё, каб не дазволіць грамадзтву мець магчымасьць для пратэсту. На паперы нібыта і існуе такая магчымасьць, а насамрэч рэалізаваць яе нерэальна. Такія рашэньні — зьдзек з грамадзтва».
Барыс Бухель кажа: беларускія праваабаронцы лічаць, што закон «Аб масавых мерапрыемствах», якім кіруюцца чыноўнікі на месцах, варты скасаваньня. Актывіст нагадаў, што ў 2012 годзе Вэнэцыянская камісія (Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз права, кансультатыўны орган па канстытуцыйным праве Рады Эўропы. — РС) прызнала закон «Аб масавых мерапрыемствах» не адпаведным беларускай Канстытуцыі.