Партыя Макрона перамагла ў першым туры парлямэнцкіх выбараў у Францыі

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (у цэнтры) паціскае рукі выбарнікам пасьля галасаваньня на першым туры парлямэнцкіх выбараў. Лё-Туке, поўнач Францыі, 11 чэрвеня 2017 году

Па завяршэньні першага туру парлямэнцкіх выбараў у Францыі 11 чэрвеня партыя «Наперад, Рэспубліка», нядаўна створаная абраным прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам, перамагла з 32,2% галасоў, перадае RFI.

Сьледам ідуць «Рэспубліканцы» з 21,5% галасоў, «Нацыянальны фронт» з 14% галасоў, «Непакорная Францыя» з 11% і сацыялісты з 10,2%.

Выбары праводзяцца ў два туры паводле мажарытарнай сыстэмы. Партыя Макрона можа з улікам другога туру атрымаць ад 390 да 430 месцаў у 577-мясцовым Нацыянальнай асамблеі (ніжняя палата парлямэнту) — гэта значыць, больш за абсалютную большасьць. «Рэспубліканцам» прагназуюць 70-110 месцаў, на мінулых жа выбарах яны атрымалі 226.

Другі тур парлямэнцкіх выбараў мае прайсьці ў наступную нядзелю, 18 чэрвеня. На ім будуць галасаваць у тых акругах, дзе ніводзін кандыдат не набраў больш за 50% галасоў. Дапускаць да другога туру будуць тых кандыдатаў, якія набралі ня менш за 12,5% галасоў у першым туры.

На выбары не пайшлі рэкордна шмат выбарнікаў: 50,2%. Колькасьць выбарнікаў, якія галасуюць на парлямэнцкіх выбарах, штораз зьніжаецца ў апошнія дзесяцігодзьдзі. На парлямэнцкія выбары звычайна ходзяць значна меней, чым на прэзыдэнцкія.