Дональд Трамп наведае Польшчу 6 ліпеня — афіцыйная крыніца ў Варшаве

Дональд Трамп

Паводле «Газэты выборчай», прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп наведае Польшчу 6 ліпеня. Дональд Трамп прыедзе для ўдзелу ў форуме дзяржаў Міжморʼя, які заплянаваны на 6-7 ліпеня ва Ўроцлаве. Пра гэта паведаміў Кшыштаф Шчэрскі з канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Газэта таксама піша, што мае пацьверджаньне пра візыт Дональда Трампа ў Польшчу з амэрыканскага боку і агенцыі «Рэйтар».

Пра магчымасьць візыту Дональда Трампа ў Польшчу «Выборча» паведаміла 8 чэрвеня са спысылкай на шэраг дыпляматычных крыніц, якія не былі названыя. Паведамлялася, што 7 ліпеня Дональд Трамп мяркуе ўдзельнічаць у саміце лідэраў краін G20 («Вялікай дваццаткі»), які пройдзе ў Гамбургу (Нямеччына), а напярэдадні мае намер прыехаць у Польшчу. Паводле зьвестак польскага выданьня, у Гамбургу Дональд Трамп таксама сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

«Выборча» са спасылкай на інфармагенцва РАР паведаміла, што ў Польшчу ўжо прыбылі агенты сакрэтнай службы, якія адказваюць за бясьпеку прэзыдэнта ЗША.