Яўген Магаліф быў у Беларусі кампазытарам папулярных песень, калі ў 1990 годзе зьехаў на сталае жыцьцё ў ЗША. У 1992 годзе, разам з Данчыкам (Багданам Андрусiшыным), ён запісаў добра вядомы беларускім мэляманам альбом «Мы яшчэ сустрэнемся». Летась у міжнародным продажы зьявіўся дыск Яўгена Магаліфа зь ягонымі кампазыцыямі ў клясычным стылі пад назвай «Colibri». 11 чэрвеня 2017 кампазытару спаўняецца 60 гадоў. З нагоды юбілею мы пагаварылі зь Яўгенам Магаліфам пра ягоны жыцьцёвы і творчы шлях.
РС: Радыё Свабода віншуе вас з 60-годзьдзем. Мы дамаўляліся з вамі на размову летась, калі гутарылі першы раз, і цяпер выконваем сваё абяцаньне. Шмат хто зь Беларусі вас ужо павіншаваў?
Яўген Магаліф: Мой юбілей будзе празь некалькі дзён. Зь Беларусі пакуль што віншаваньняў няма. І я нават ня ведаю, ці будуць…
РС: Чаму? Думаеце, у Беларусі пра вас забылі?
Яўген Магаліф: Ну, мае сябры, выканаўцы маёй музыкі — абавязкова мяне павіншуюць. Але я ня думаю, што гэта будзе адзначана неяк шырэй, на радыё ці ў газэтах. Але — паглядзім.
РС: Калі мы гаварылі з вамі ў мінулым годзе, вы казалі, што ў вас былі праблемы прыехаць у Беларусь. Візы вам ня хочуць даць, намаўляюць памяняць пашпарт. Гэтыя праблемы працягваюцца?
Яўген Магаліф: Я думаю, яны працягваюцца. Але мы з таго часу не зьвярталіся па візы. Мы спадзяемся, што справа зьменіцца ў лепшы бок і ў нас будзе магчымасьць прыехаць — не на пяць дзён, як цяпер можна, а на значна даўжэй. Пяць дзён для нас — вельмі мала.
РС: А прыехаць у Беларусь вам хочацца, праўда?
Яўген Магаліф: Так, канешне. У Беларусі пахаваны мой бацька, мая бабуля. Там жывуць сваякі, шмат сяброў.
РС: А дзе канкрэтна пахаваныя вашы продкі?
Яўген Магаліф: Мая бабуля пахаваная ў Віцебску, жончына маці і некалькі сваякоў пахаваныя ў Сеньненскім раёне, а мой бацька, кампазытар Барыс Магаліф, пахаваны ў Горках у Магілёўскай вобласьці.
РС: Яўген, ваша жыцьцё, можна сказаць, падзялілася напалову. Першую палову вы пражылі ў Беларусі, а другую ўжо ў Амэрыцы. Вы не шкадуеце, што эмігравалі?
Яўген Магаліф: Не, ніколі не шкадаваў і спадзяюся, што ніколі ня буду шкадаваць. Я жыву ў Злучаных Штатах як быццам гледзячы кіно, і ўсё яшчэ ня веру, што гэта здараецца са мною. Я ніколі ня думаў, што жыцьцё ў Амэрыцы складзецца для мяне так удала.
РС: А калі я папрашу вас — назавіце дзьве-тры рэчы, якія дала вам Амэрыка і якіх вы ня мелі ў Беларусі — дык што вы скажаце?
Яўген Магаліф: Па-першае, ЗША далі мне магчымасьць тварыць так, як я хачу, і магчымасьць распаўсюджваць свае творы па ўсім сьвеце. Гэта было б немагчыма ў Беларусі. Калі б я застаўся ў Беларусі, я пісаў бы свае песьні, іх выконвалі б мясцовыя выканаўцы, можа, нехта ў Расеі ці ва Ўкраіне, але па ўсім сьвеце яны не гучалі б. Я тут дасягнуў таго, аб чым і ня марыў.
Па-другое, Амэрыка дала нам камфорт жыцьця. Мы ўпэўненыя ў сваёй будучыні. Мы маем магчымасьць езьдзіць у розныя краіны.
Трэцяе. Я б ужо даўно памёр, калі б не дапамога амэрыканскай мэдыцыны. Гэтае я магу сказаць і пра сваю маці, і пра цётку. Яны б у Беларусі не атрымалі такой падтрымкі для старых людзей, якую атрымалі тут. Таксама і бацька маёй жонкі, якому цяпер 95 гадоў. Ён — інвалід вайны, і яму ў 92 гады ў шпіталі для вэтэранаў у Нью-Ёрку зрабілі вельмі складаную апэрацыю па перасадцы мышачных тканак. У жончынага бацькі, які перанёс больш за 50 апэрацый, адчынілася рана з вайны на назе, ногі ў яго былі перабітыя нямецкім кулямётам, і на іх амаль няма мяса. У Беларусі ніхто не рабіў бы апэрацыю такому старому чалавеку. Я гэта ведаю зь сямейнага досьведу. Калі мая жонка, у якой захварэла 72-гадовая маці, пыталася беларускіх дактароў — што зь ёй? які ваш дыягназ? — ёй адказвалі: а што вы хочаце? гэта старасьць, мы нічога ня зможам зрабіць, яна ўжо пажыла… Летась і ў мяне былі тры вельмі цяжкія апэрацыі. І я са сваёй кішэні не заплаціў за іх ні капейкі…
РС: Некаторыя распавядаюць жудасныя гісторыі пра ганарары амэрыканскіх дактароў і ўвогуле пра аплаты за паслугі амэрыканскай мэдыцыны. А вы вось кажаце, што не плацілі…
Яўген Магаліф: Ні я, ні жончын бацька — мы нічога не заплацілі. За мяне заплаціў страховачны фонд. А са старых людзей, зь якіх няма чаго ўзяць — зь іх і не бяруць. Але — дапамагаюць.
РС: Вы сказалі, што Амэрыка дала вам магчымасьць тварыць. Але калі вы там толькі зьявіліся, дык, відаць, пра вас як пра кампазытара ніхто нічога ня ведаў, і вам давялося пачынаць свой амэрыканскі шлях з нуля, так?
Яўген Магаліф: Так, я пачаў з нуля. Таму што я прыехаў у ЗША як турыст, усяго зь дзьвюма сотнямі даляраў у кішэні, якія я пазычыў у сяброў. Потым прыехала мая жонка з дваімі малымі дзецьмі. Я спачатку ўладкаваўся на працу, дзе трэба было падмятаць падлогу і чысьціць дываны. Потым мы атрымалі легальны дазвол на працу і падалі заяўку на сталае жыхарства. Мы доўга чакалі і атрымалі гэты дазвол толькі тады, калі прэзыдэнт Біл Клінтан падпісаў закон аб нікарагуанскіх уцекачах. Людзі, якія прыехалі з СССР у 1990—1991 гг., атрымалі дазвол на жыцьцё ў ЗША на аснове гэтага нікарагуанскага закону, як ні забаўна гэта гучыць. А яшчэ пазьней мы атрымалі грын-карту…
РС: А калі вы зноў вярнуліся да музыкі? Відаць, гэта наступіла не адразу пасьля пераезду ў ЗША?
Яўген Магаліф: Канешне, не адразу. Я спрабаваў пісаць песьні і высылаць іх у Беларусь. Але гэта было вельмі складана. Калі кампазытар жыве ў адной краіне, а запіс павінен быць у іншай краіне, і няма магчымасьці нешта сказаць ці падказаць сьпеваку — гэта вельмі цяжка. Кампазытар павінен працаваць са сьпеваком твар у твар. Я тады напісаў некалькі духоўных хораў, якія выконвае капэла ў Горадні, і некалькі рамансаў, а потым перастаў пісаць ажно да 2009 году. У 2009 годзе мой сябар з Польшчы, флейтыст Эдуард Сыцянка, і ягоны брат Алег, таксама флейтыст, які жыве ў Фінляндыі, прапанавалі мне напісаць нешта для флейты. Гэта была вельмі ўдалая кампазыцыя, яна «пайшла ў народ», яе выконваюць у розных краінах. Потым да мяне зьвярнулася выдавецтва з Англіі з прапановай выдаць мае творы. А потым і выдавецтва з ЗША таксама прапанавала мне стаць іх аўтарам, і яны таксама выдалі некалькі маіх твораў.
Папярэднім разам мы з вамі гаварылі пра тое, ці можа кампазытар жыць са сваіх твораў. Я тады казаў, што не. Але потым здарыўся цуд — я сустрэўся з выдатным флейтыстам, сэрам Джэймсам Голуэем (James Galway). Гэта флейтыст нумар адзін у сьвеце. Летась ён запрасіў мяне на свой фэстываль у Швайцарыі, таму што яму вельмі спадабалася мая музыка для флейты. Я паляцеў у Швайцарыю на гэты фэстываль на інвалідным крэсьле, бо дзесяць дзён раней перанёс даволі складаную апэрацыю. Голуэй прапанаваў мне, што парэкамэндуе мяне выдавецтву, зь якім ён працуе. То бок ён для гэтага выдавецтва рэкамэндуе музыку — ставіць, так бы мовіць, сваё imprimatur на нотах. Яны яму пасылаюць ноты, ён іх рэдагуе, калі палічыць патрэбным, і піша сваю анатацыю — чаму, прыкладам, яму гэтая музыка падабаецца. І ён мне сказаў: Юджын, давай я цябе парэкамэндую свайму выдавецтву. Гэта адно з самых буйных і шанаваных музычных выдавецтваў у ЗША.
РС: І што яны прапанавалі канкрэтна вам, пасьля рэкамэндацыі Джэймса Голуэя? Падпісалі з вамі кантракт?
Яўген Магаліф: Так. Я знайшоў юрыста і мы амаль шэсьць месяцаў падрыхтоўвалі мой кантракт. Я падпісаў яго ў сярэдзіне траўня. Цяпер яны хутка рыхтуюць некалькі маіх п’есаў для флейты, каб прадставіць іх на агульнай канвэнцыі флейтыстаў ЗША ў жніўні. Я паеду туды таксама, бо там упершыню будуць выконвацца два мае творы для флейты. Выдавецтва хоча прадставіць мяне як іхнага новага аўтара.
РС: Наколькі гэты кантракт паляпшае вашу фінансавую сытуацыю?
Яўген Магаліф: Пакуль што ён нічога не паляпшае. Але прэзыдэнт гэтага выдавецтва сказаў, што грошы мне пойдуць гады праз два. І ўсе, хто ведае пра мой кантракт, кажуць мне, што мне вельмі пашанцавала, таму што гэта вельмі вядомае і паважанае выдавецтва. У мяне з гэтым выдавецтвам кантракт на ўсю маю музыку. Яны выдадуць усё, што я напішу, хоць, зразумела, ня ўсё адразу.
РС: А як вы плянуеце адзначыць свой 60-гадовы юбілей? Будуць нейкія канцэрты, банкеты, мэдалі?
Яўген Магаліф: (сьмяецца) Ну, мэдаль Францыска Скарыны або тытул Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі я б узяў. Але я сумняваюся, ці хтосьці пра гэта падумае… А калі гаварыць сур’ёзна, то я спачатку думаў адзначыць свой юбілей вельмі багата і шырока — сабраць радню, сяброў і знаёмых у канцэртнай зале, арганізаваць пышны канцэрт. Але здарылася так, што ў пачатку чэрвеня нарадзіўся мой унук, Цімох, прадаўжальнік прозьвішча Магаліф! Я настолькі ўзрушыўся гэтай падзеяй, што забыўся наогул пра плянаваньне юбілею.
Але я магу сказаць, што ў красавіку была вельмі цікавая падзея ў Ліёне ў Францыі — 60 флейтыстаў выконвалі маю музыку да майго 60-годзьдзя. Мы паехалі туды з жонкай, і французы сустрэлі нас па-каралеўску.
А ў траўні канцэрт маёй музыкі адбыўся ў сыбірскім горадзе Чыта — гэта яны самі прапанавалі такі канцэрт. Яны папрасілі мяне зрабіць відэазварот і паказалі яго людзям перад канцэртам. У Сыбіры, уявіце сабе!
Яшчэ адзін канцэрт, прысьвечаны майму 60-годзьдзю, будзе ва Ўкраіне — 4 лістапада ў філярмоніі гораду Дняпро (былы Днепрапятроўск) адбудзецца канцэрт маёй сымфанічнай музыкі, на які прыедуць мае сябры-флейтысты з Фінляндыі і Польшчы, браты Сыцянкі.
РС: Вы зьбіраецеся ехаць на гэты ўкраінскі канцэрт?
Яўген Магаліф: Так, калі здароўе дазволіць, мы з жонкай туды паедзем. Гэта для нас вялікая падзея. Там будзе прэм’ернае выкананьне маёй п’есы, якую я прысьвяціў Джэймсу Голуэю, і іншай, якую я прысьвяціў сваёй жонцы. І там таксама будуць выкананы ўпершыню пяць танцаў, тры зь якіх я напісаў для Менскага музычнага тэатру некалькі гадоў таму, для мюзіклу «Дзікае паляваньне караля Стаха», які так і ня быў закончаны і пастаўлены.
Магчыма, канцэрт маёй музыкі пройдзе сёлета і ў Менску, у лістападзе. Маёй музыкай зацікавіліся маладыя музыканты, дырыжор Павел Любамудраў і флейтыст Сяргей Картэс. Але пакуль што зарана казаць пра гэта нешта ўпэўненае.
РС: Вялікі дзякуй вам за размову. Мы, зразумела, ілюструем нашу размову музычнымі відэаролікамі з вашымі кампазыцыямі. І хочам прыгадаць ваш альбом «Мы яшчэ сустрэнемся», запісаны з нашым Данчыкам. Папярэднім разам мы ставілі песьню «Туманы». Што парэкамэндуеце на гэты раз?
Яўген Магаліф: «Толькі ўчора» на верш Натальлі Арсеньневай.