Справа Амрыева як салідарнасьць дыктатараў

Мурад Амрыеў

Ад каго хаваўся Мурад Амрыеў? Якую ролю адыгрываюць у Расеі чэчэнскія сілавікі? Чаму Беларусь дэпартавала Мурада Амрыева? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Ад каго хаваўся Мурад Амрыеў? Якую ролю адыгрываюць у Расеі чэчэнскія сілавікі? Чаму Беларусь дэпартавала Мурада Амрыева? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: На першы погляд, здавалася б, руцінная справа. Грамадзянін Расеі Мурад Амрыеў схаваўся ад расейскіх праваахоўных органаў у Беларусь і па просьбе расейскага боку быў затрыманы тут і дэпартаваны ў РФ. Бо існуе пагадненьне паміж праваахоўнымі органамі дзьвюх краін.

Але справа аказалася скандальнай. Высьветлілася, што яго шукаюць чачэнскія сілавікі. Ён вядомы спартовец, займаецца баямі бяз правіл. Да гэтага Амрыеў некалькі гадоў жыў па-за межамі Расеі. З краіны ён зьехаў пасьля таго, як у 2013 годзе паведаміў праваабаронцам, што яго выкралі і катавалі ў Чачэніі мясцовыя сілавікі. Паводле ягоных слоў, яго выкралі, каб прымусіць ягонага старэйшага брата вярнуцца ў Чачэнію зь Нямеччыны. Праваабаронцы таксама паведамлялі, што высокапастаўлены прадстаўнік праваахоўных органаў рэспублікі абвясьціў спартоўцу «крывавую помсту». І афіцыйная вэрсія абвяшчэньня ў вышук — памылкі ў пашпарце — даволі дзіўная.

Амрыеў прасіў у Беларусі палітычнага прытулку. Здаецца, упершыню грамадзянін Расеі просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. З просьбай не выдаваць Амрыева Расеі да кіраўніцтва Беларусі зьвярнулася маці спартоўца, а таксама Ксенія Сабчак.

Дэпартавалі яго зь Беларусі таму, што для кіраўніцтва Беларусі правы чалавека — тэма мала цікавая. Лукашэнка ня хоча дзеля нейкага чачэнскага спартоўца псаваць адносіны з Пуціным, а што яшчэ важней, з кіраўніком Чачэніі Кадыравым. І Лукашэнка, і Кадыраў вельмі прыязна ставяцца адзін да аднаго, пра што самі казалі публічна. Хоць трэба заўважыць, што некалькі год таму беларускія ўлады дапамагалі чачэнскім уцекачам, якія ўцякалі з Чачэніі ў ЭЗ і затрымаліся на берасьцейскім вакзале. Лукашэнка нават хваліўся, як адна чачэнская жанчына там у Берасьці якраз нарадзіла сына і ў гонар Лукашэнкі назвала яго Аляксандрам. А гэтыя ж людзі ўцякалі ад Кадырава.

Варта нагадаць, што чачэнскія сілавыя структуры карыстаюцца адмысловым статусам ня толькі на тэрыторыі Чачэніі, але і ў Расеі. Яны выкарыстоўваюцца для брудных спраў, забіваюць лібэральных журналістаў, палітыкаў (напрыклад, Барыса Нямцова), часта выходзяць з-пад кантролю Крамля, але іх не чапаюць. Як пісалі расейскія мэдыі, яны — асабістая гвардыя Пуціна, апрычнікі, гатовыя бараніць яго, не зьвяртаючы ўвагі на законы. Дзеля гэтага яны і патрэбныя Крамлю.

Віталь Цыганкоў: Рашэньне беларускіх уладаў выдаць Мурада Амрыева ў Расею выглядае досыць прадказальным. Мяне нават трошкі дзівіць тое зьдзіўленьне, якое пануе цяпер у беларускіх сацыяльных сетках з гэтай нагоды. На маю думку, беларускія ўлады не маглі дзейнічаць ніяк па-іншаму, улічваючы шчыльнае супрацоўніцтва паміж спэцслужбамі Беларусі і Расеі, а таксама паміж Лукашэнкам і кіраўніком Чачэніі.

Я трошкі не разумею, на што разьлічваў Мурад Амрыеў, калі ўцёк з Бранску менавіта ў Беларусь. Верагодней за ўсё, у яго проста не было ніякага іншага выбару, і Беларусь проста геаграфічна аказалася найбліжэй.

Ужо зьяўляюцца кансьпіралягічныя развагі пра тое, што беларускія сілавікі нібыта чарговым разам паказалі сваю моц і ўплыў. Але мне падаецца, што выдача была цалкам у адпаведнасьці з тымі юрыдычнымі рэаліямі, якія ёсьць на сёньня ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй. Можна зьдзіўляцца, што Беларусь, напрыклад, праводзіць сьмяротныя пакараньні, — але гэта беларуская рэальнасьць. Выдача расейскага грамадзяніна Расеі без уліку якіх-колечы гуманных чыньнікаў — гэта таксама цяперашняя рэальнасьць беларускага рэжыму.

Уладзімер Глод: Праваабарончая арганізацыя «Мэмарыял» паведамляла, што Амрыева выкралі, каб прымусіць ягонага старэйшага брата вярнуцца ў Чачэнію зь Нямеччыны. Брат Мурада ўцёк у Нямеччыну, бо яго падазравалі ў замаху на кіраўніка чачэнскай паліцыі Магамеда Дашаева — аднаго з самых набліжаных да Кадырава людзей. Праваабаронцы таксама паведамлялі, што высокапастаўлены прадстаўнік праваахоўных органаў рэспублікі (мабыць, трэба разумець, Дашаеў) абвясьціў спартоўцу «крывавую помсту».

Кадыраў, як і Пуцін, як і Лукашэнка, не прызнае ніякіх апанэнтаў сваёй улады. Гэта галоўнае, што іх аб’ядноўвае. І было б дзіўным, калі б Амрыева ня выдалі Расеі, а гэта значыць — і Чачэніі. Тут спрацоўвае салідарнасьць дыктатараў. Лёс таго ж Амрыева ці каго іншага іх не хвалюе. Думаю, у гэтым упэўненая і Ксенія Сабчак. Але ў такой сытуацыі яна проста вымушаная зьвярнуцца да Лукашэнкі, спадзеючыся на асабістае знаёмства зь беларускім кіраўніком.

Чакаць плёну ад гэтага звароту не выпадала. Лукашэнка ня хоча псаваць дачыненьні з Пуціным. А Пуцін аберуч трымаецца за Кадырава, бо той забясьпечвае яму ілюзію спакою і цішыні ў Чачэніі. Хоць, як сьведчаць праваабаронцы і апазыцыйныя расейскія палітыкі, насамрэч беззаконьне на астатняй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі не параўнаецца з тым, што адбываецца ў вотчыне Кадырава. У Чачэніі ўсё значна страшней: рэпрэсіі, зьнішчэньне ня толькі апанэнтаў, але і спальваньне дамоў іх сваякоў. Аднак Пуцін ня можа ні пакараць, ні прыбраць кіраўніка Чачэніі — таму што так жорстка кантраляваць рэспубліку, як гэта робіць Кадыраў, а раней рабіў ягоны бацька, больш ніхто ня ў стане. І выпадак з Амрыевым — гэта толькі чарговае сьведчаньне вось такога курсу Пуціна.