9 чэрвеня на расейскім тэлеканале «Дождь» прайшла жывая лінія зь беларускай нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч.
Сярод іншага, пісьменьніца сказала:
«Вайна, якую пачала Расея ў Данбасе — на сумленьні Расеі. Такую вайну можна пачаць і ў Беларусі. Дайце туды танкі, дайце туды зброю, і католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».
«Быў такі час у пачатку 2000-х, калі пісьменьнікі радаваліся крыві. Вось мы так білі міліцыянтаў, што зь іх кроў ішла — гэта казаў адзін з найлепшых нашых пісьменьнікаў. Як цяпер кажа Прылепін — ён дойдзе да Кіева і ня будзе шкадаваць дзяцей. Гэта прыводзіла мяне ў жах. І я зразумела, што барыкада — гэта дрэннае месца для мастака. Ты ня бачыш чалавека, ты бачыш толькі мішэнь — чорнае-белае. Я зразумела, што каб ня стаць Дзям’янам Бедным, каб ня стаць Прылепіным, я павінна ўбачыць, што робіцца за межамі нашага сьвету. А то мы тут як у кансэрвавай бляшанцы сядзім. І я паехала і сапраўды ўбачыла сьвет, і ўбачыла, што сьвет не залежыць ад таго, што робіцца ў Крамлі або ў нас у рэзыдэнцыі прэзыдэнта».
«Я хачу сказаць — я гэта казала ў Нобэлеўскай лекцыі — што ў мяне як быццам тры дамы: у мяне маці ўкраінка, і я рада, што ўва мне цячэ ўкраінская кроў, у мяне бацька — беларус, і я ўсё жыцьцё правяла ў Беларусі, і расейская культура — гэта мой трэці дом.»