«Трэба выйсьці на адну гадзіну дзеля салідарнасьці з палітзьняволенымі, падтрымаць. Трэба прынесьці як мага больш рознакаляровых надзіманых шароў. Я нават папрасіў, каб па магчымасьці не прыносілі нацыянальных сьцягоў, каб не правакаваць сілавікоў», — сказаў актывіст БСДП (Народная грамада) Сяргей Кунцэвіч карэспандэнту Свабоды.
Таксама Сяргей Кунцэвіч распавёў, што працягвае лячыцца дома (у яго абвастрылася хвароба нырак). Некалькі дзён ён знаходзіўся ў 1-м гарадзкім клінічным шпіталі ў Менску. Кунцэвіч зьвярнуўся па мэдычную дапамогу неўзабаве пасьля выхаду зь СІЗА на Валадарскага.
Паводле лідэра Народнай грамады Міколы Статкевіча, акцыя, якая плянуецца на 22 чэрвеня, будзе дадатковай.
«Гэта будзе пікет, а 3 ліпеня мы чакаем масавую акцыю. Ініцыятыву Сяргея мы падтрымаем. Але яму пакуль не дазволім хадзіць на акцыі, бо мае праблемы са здароўем. У зьняволеньні ён трымаў сухую галадоўку. Дзякуючы сьведчаньням Сяргея пра катаваньні (на целе ёсьць сьляды), мы выцягнем да Парлямэнцкай асамблеі зьняволеных хлопцаў», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікола Статкевіч.
Абвінавачанага паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Сяргея Кунцэвіча 2 чэрвеня вызвалілі з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе.
Раней Сяргей Кунцэвіч падаў заяву ў Сьледчы камітэт, у якой ён просіць правесьці праверку наконт яго катаваньняў у СІЗА КДБ і ў СІЗА № 1 Менску.