Мэра Кіева Клічка могуць пазбавіць волі на два гады

Супрацоўнікі Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны адкрылі крымінальную вытворчасьць у дачыненьні да мэра Кіева Віталя Клічко па падазрэньні ў прадастаўленьні заведама недакладных зьвестак у дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.

Пра гэта гаворыцца ў адказе бюро грамадзкай арганізацыі «Цэнтр процідзеяньня карупцыі».

Зварот актывістаў грунтуецца на расьсьледаваньні праграмы «Схемы» (сумесны праект Радыё Свабода і каналу «UA: Першы»), якая выйшла ў эфіры ў сьнежні мінулага года. Журналісты ўстанавілі, што Віталь Клічко не ўказаў у сваёй электроннай дэклярацыі інфармацыю аб нерухомасьці ў Гамбургу і Лос-Анджэлесе, якой карыстаецца яго сямʼя.

Будынак у Лос-Анджэлесе, дзе жыла сям'я Клічка

Тады ж, у канцы 2016 года, юрысты Цэнтру зьвярнуліся з заявай у Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны, але ведамства ня стала яго разглядаць. Цэнтар абскардзіў бязьдзейнасьць бюро ў судзе, які абавязаў пачаць крымінальную вытворчасьць.

Калі зьвесткі пра ўтойваньне нерухомасьці пацьвердзяцца, то самым жорсткім пакараньнем для Клічко можа стаць пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

Сам мэр Кіева на сваёй старонцы ў Фэйсбуку заявіў, што ён чысты перад законам і ўжо падаў кампэтэнтным органам усю неабходную інфармацыю.