2 чэрвеня мінакі заўважылі, як да аднаго з бастыёнаў крэпасьці пад’ехаў мікрааўтобус і нейкія людзі сталі складваць у яго крапасныя цагліны. На наступны дзень гісторыя паўтарылася — той самы мікрааўтобус заўважыла турыстычная група зь Менску.
![Аўтобус рабаўнікоў (фота ад валянтэраў)](https://gdb.rferl.org/0B28296A-D585-4452-BA54-E1326F02E1E2_w1080_h608_s.jpg)
Аўтобус рабаўнікоў (фота ад валянтэраў)
«Калі да нашых турыстаў дайшло, што гэтыя людзі сярод белага дня выносяць цэглу з гістарычнага помніка, яны проста аслупянелі ад шоку», — расказвае экскурсаводка групы Лідзія Пляшкевіч.
![Сям’я марадэраў (фота ад турыстаў)](https://gdb.rferl.org/7EFC3886-6A8B-46C0-8C52-38176E5ECC42_w1080_h608_s.jpg)
Сям’я марадэраў (фота ад турыстаў)
Турысты чулі грукат, нібыта марадэры разьбівалі ўнутраную сьценку. Сфатаграфавалі зламысьнікаў і выклікалі міліцыю. Яна прыехала хутка, вандалаў затрымалі. А тыя заявілі, што яны валянтэры і проста прыбіраюць сьмецьце.
Словы «валянтэры ў крэпасьці» ў Бабруйску ўжо вядомыя. Рэч у тым, што некалькі бабруйчан аб’ядналіся праз сацсеткі ў валянтэрскі атрад для ачысткі крэпасьці ад куч разнастайнага сьмецьця. Справу пачалі дзьве дзяўчыны — Ірына Хамрэнка-Ушакова й Кацярына Карпава.
Ірына Хамрэнка-Ушакова
«Нам надакучыла скардзіцца што „нехта“ не даглядае нашу гарадзкую славутасьць — і мы вырашылі пачаць наводзіць там парадак самі, — расказвае Ірына Хамрэнка-Ушакова. — Карона ня ўпала, вынесьлі ўдзьвюх зь бліжэйшага бастыёну пяць мяхоў сьмецьця. Кінулі заклік, цяпер зьбіраемся штонядзелю, і з кожным разам прыходзіць усё больш народу — восем, дванаццаць чалавек... Апошнім разам агульнымі намаганьнямі вынесьлі ажно 80 мяхоў».
Муры крэпасьці пачынаюцца на ўскрайку сёньняшняга гораду
Першы бастыён, за які ўзяліся валянтэры, ужо прыбраны цалкам. І якраз да суседняга зь ім прыяжджалі марадэры.
Валянтэры выносяць з бастыёнаў і адносяць на сьметніцы выключна бытавое сьмецьце розных эпох, ад бутэлек да аўтамабільных пакрышак, а цэглу, нават бітую, толькі прымаюць з праходаў ды складваюць ўздоўж муроў. У мясцовай прэсе выйшаў артыкул пра іхную справу з кантактным тэлефонам арганізатараў прыбіраньня.
Гістарычная цэгла і сама валіцца
Агітацыйныя ўлёткі са старонак валянтэраў
«І раптам у суботу мне тэлефануе невядомая жанчына і скардзіцца, што празь мяне затрымалі ейнага мужа, — працягвае Ірына Хамрэнка-Ушакова. — А пад вечар прыйшла міліцыя, опэрупаўнаважаны і сьледчы, сталі распытваць, хто мы, што робім у крэпасьці, што кажам іншым людзям. І расказалі, што затрымалі сям’ю, якая вывозіла з крэпасьці цэглу. Добра, што хутка разабраліся, што сапраўдныя валянтэры ні пры чым, але нэрваў патрацілі... Нам штораз балюча бачыць, калі на ачышчаным нашымі рукамі месцы зьяўляецца новая бутэлька ці пакет, а тут яшчэ і нейкія зладзеі намі прыкрываюцца!»
Бабруйчане прыбралі ад сьмецьця адзін з бастыёнаў (фота валянтэркі Сьвятланы Хартановіч-Бернадзкай)
Закрыты бастыён
Калі з большай часткі тэрыторыі бабруйскай крэпасьці вывелі вайсковыя часткі, некаторыя бастыёны спрабавалі здаць у арэнду пад офісы, але нічога ня выйшла — у такіх мурах каналізацыю не правядзеш. Толькі з былой стайні зрабілі краму. Пару бастыёнаў закратавалі і паставілі вароты, а большасьць стаіць адкрытая. Гэта вабіць турыстаў, але самі збудаваньні без нагляду разбураюцца, нават перакрытыя. І цяпер адны жыхары Бабруйску страшэнна засьмечваюць сваю славутасьць, другія за першымі прыбіраюць, а трэція гатовыя разабраць, што засталося.
Ад аховы — толькі абвесткі
Нумару помніка пакуль ёсьць на чым трымацца
Правалы гісторыі