Міліцыя хоча пагутарыць з актывістам, які паслаў Лукашэнку падарунак ад магілёўцаў — будаўнічую каску

Аляксей Паўлоўскі

Актывіста прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага, які паслаў Лукашэнку будаўнічую каску, шукае магілёўская міліцыя, каб пагутарыць.

Інтарэс да Паўлоўскага зьвязаны з тым, што ён зьбіраў на вуліцы подпісы ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Пра гэта яму сказаў праз тэлефон супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі, які папрасіў зьявіцца на гутарку. Актывіст не выключае, што на яго складуць пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

«Можа, мяне шукаюць, каб уручыць грамату за пільнасьць у пытаньні выкананьня правілаў бясьпекі на будоўлях, — кажа Паўлоўскі. — Бо ніхто не зьвярнуў увагі, што падлетак разам з бацькам быў на будаўнічай пляцоўцы бяз сродкаў абароны і, галоўнае, бяз каскі. А подпісы ў нашай краіне ніхто не забараняе зьбіраць. Калі складуць пратакол — гэта таксама свайго роду грамата за актыўнасьць».

1 чэрвеня Паўлоўскі ў Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай заклікаў мінакоў падпісацца пад зваротам у абарону Мікалая Лукашэнкі. Прафсаюзны актывіст даводзіў, што правы 12-гадовага хлопчыка парушаюцца — тымі, хто прымушае яго ўдзельнічаць у «паказушных» суботніках. Прафсаюзьнік спасылаўся на працоўнае заканадаўства: яно не дазваляе выкарыстоўваць працу асобаў, якім няма 14 гадоў.

Зьбіраць подпісы Паўлоўскі наважыўся пасьля прагляду растыражаваных дзяржаўнымі СМІ кадраў, на якіх Мікалай Лукашэнка бяз сродкаў абароны разам з бацькам і групай дарослых нясе бервяно.

«Каску дасылаю як сымбаль абароны для Мікалая і напамін для ягонага бацькі, што варта захоўваць тэхніку бясьпекі на будоўлі, бо ён кіраўнік дзяржавы — гарант выкананьня законаў», — казаў каля стэнду, адмыслова зробленага дзеля зьбіраньня подпісаў, Аляксей Паўлоўскі.

За няпоўную гадзіну пад зваротам падпісаліся 23 магілёўцы. Зварот разам з каскай Паўлоўскі паслаў у Менск на Карла Маркса, 38.