8 чэрвеня Савецкі суд Менску спыніў справу супраць першага намесьніка старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Паўла Анціпава з прычыны адсутнасьці адміністрацыйнага правапарушэньня.
Справа была распачатая па артыкуле 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы).
Аднак пытаньне вакол памяшканьня Беларускага ПЭН-цэнтру не закрытае, сказаў карэспандэнту Свабоды Павал Анціпаў.
«Мы радаваліся ажно дзьве гадзіны, што справу супраць мяне спынілі. А празь дзьве гадзіны пасьля суду да нас прыйшла камісія з ЖЭУ, каб скласьці пратакол на мяне, што мы нямэтава выкарыстоўваем памяшканьне.
Пасьля кансультацыі зь юрыстамі я пайшоў на гэты працэс і папрасіў, каб яны нам зрабілі прадпісаньне, каб мы ведалі, што мы павінны зрабіць, каб, на іх погляд, гэта было жылое памяшканьне. Яны вельмі хацелі скласьці гэты пратакол, але я прасіў, каб яны сказалі, што мы павінны зрабіць, і, магчыма, мы выправім.
Але яны ня вельмі ведалі, што мы павінны выправіць, і перанесьлі разгляд справы ў ЖЭУ (пр. Машэрава, 8) на панядзелак. Цяпер мне трэба знайсьці адваката. То бок усё ідзе адно за адным».