Сурыкаў кажа пра візу «саюзнай дзяржавы», Мірончык такой тэрміналёгіі пазьбягае

Аляксандар Сурыкаў

Сёньня расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію Sputnik Belarus заявіў: Расея і Беларусь гатовыя стварыць адзіную візавую прастору. Паводле дыплямата, міжурадавае пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, выдадзеных грамадзянам трэціх краін, можа быць падпісана да канца году.

«У гэтай сытуацыі мы працуем над дакумэнтам аб адзінай візавай прасторы, аб узаемным прызнаньні візаў беларускіх і расейскіх. Праект міждзяржаўнай дамовы ўжо ёсьць, беларускі бок яго паглядзеў, унёс свае заўвагі і нам накіраваў. Два міністэрствы замежных спраў над гэтым працуюць. Думаю, гэта рэалізуецца ў выглядзе міжурадавага дакумэнту аб адзінай візавай прасторы да канца году, можа, крыху пазьней», — сказаў Сурыкаў.

Ці адпавядае такое сьцьвярджэньне рэальнасьці, на брыфінгу пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык:

«Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Расеі на дадзены момант разглядаюць мэтазгоднасьць увядзеньня такога палажэньня, пры якім грамадзянін трэцяй краіны, які мае візу ў Беларусь або ў Расею, мог бы без усялякіх перашкодаў праехаць транзытам празь любую з нашых дзяржаў. Менавіта над гэтым ідзе цяпер праца, бо тут самае важнае — як юрыдычна аформіць гэтую норму».

Спадар Мірончык дадаў, што яшчэ ўвосень мінулага году міністры замежных спраў Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў казалі, што над гэтым пытаньнем лепш працаваць прафэсіяналам. Дзеля гэтага была створана працоўная група, яна інтэнсіўна працуе, апошні раз яе ўдзельнікі зьбіраліся сёлета ў красавіку ў Горадні. Яны рыхтуюць адпаведны матэрыял. Дарэчы, беларускія экспэрты падпарадкоўваюцца не зьнешнепалітычнаму ведамству, а непасрэдна намесьніку міністра ўнутраных спраў.

На ўдакладненьне — ці мае рацыю амбасадар Сурыкаў, калі гаворыць пра візу так званай саюзнай дзяржавы — Дзьмітры Мірончык адказаў наступным чынам: «Я такую тэрміналёгію ў сваім адказе не ўжываю».

5 чэрвеня кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў па выніках сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем сказаў, што ўжо ўзгоднены і выносіцца на зацьвярджэньне Савету міністраў Саюзнай дзяржавы плян мерапрыемстваў па фармаваньні адзінай міграцыйнай прасторы на бліжэйшыя тры гады.

9 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб бязьвізавым уезьдзе ў краіну для грамадзян 80 дзяржаў на тэрмін да пяці дзён праз Нацыянальны аэрапорт у Менску. А 6 лютага ўступіла ў сілу рашэньне Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб усталяваньні памежных зонаў на мяжы зь Беларусьсю.