Вярхоўны суд Нарвэгіі адхіліў скаргу Брэйвіка

Андэрс Брэйвік

Вярхоўны суд Нарвэгіі адмовіўся разглядаць скаргу тэрарыста Андэрса Брэйвіка на ўмовы ўтрыманьня пад вартай. Летась раённы суд у Осла палічыў іх негуманнымі і пастанавіў кампэнсаваць Брэйвіку судовыя выдаткі ў памеры 35 тысячаў эўра. Аднак у сакавіку апэляцыйны суд адмяніў гэтае рашэньне.

У Вярхоўным судзе аднагалосна пастанавілі, што ў чарговай скарзе Брэйвіка няма дастатковых падставаў для яе разгляду. Раней адвакаты тэрарыста заяўлялі, што гатовыя зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.

У 2011 годзе Брэйвік учыніў выбух у Осла і адкрыў стральбу ў моладзевым лягеры на востраве Ўтоя. Ён забіў 77 чалавек, больш за 150 былі параненыя.

Тэрарыст прызнаў сваю віну і быў прысуджаны да 21 году зьняволеньня. Гэты тэрмін можа падаўжацца па рашэньні суду. Брэйвік утрымліваецца ў трохпакаёвай адзіночнай камэры, дзе мае магчымасьць гуляць у відэагульні, глядзець тэлебачаньне і чытаць кнігі.

Раней Брэйвік скардзіўся на ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё з-за забароны на зносіны з іншымі экстрэмістамі, на якасьць турэмнай ежы і на неабходнасьць есьці з дапамогай плястыкавых прыбораў.