Ліпкін і яго мужчыны

Калісьці побач з маім домам пакрыўджаны юнак напісаў на асфальце: «Лена — дура». Гэта была па вялікім рахунку бяскрыўдная падлеткавая выхадка, якая казала хутчэй пра аўтара надпісу, чым пра Лену. І наўрад ці хлопец, які зладзіў гэтую «інсталяцыю», прэтэндаваў на званьне мастака.

Але, аказваецца, ідэя «Лена — дура, і ўвогуле ўсе бабы — дуры» можа стаць цэнтральнай думкай цэлага раману. І гэты раман быў выдадзены ў Беларусі ў 2016 годзе, і напэўна, ягоны аўтар лічыць сябе вясёлым і дзёрзкім творцам.

Аўтар настолькі стараўся паказаць, што ўсе бабы дуры, што ў выніку дурнямі выглядаюць акурат мужчынскія героі

Вось Мікалай Ліпкін напісаў раман «Мужчыны», і я прапаную даваць яго чытаць усім, хто сумняецца ў брыдкасьці патрыярхату. Гэта дужа красамоўны тэкст, які паказвае, наколькі недарэчнымі выглядаюць аматары гэтай сыстэмы. Упэўненасьць ва ўласнай ідэальнасьці і фактычная бездапаможнасьць спалучаюцца ідэальна!

Шмат якія тэксты, поўныя гендэрных забабонаў, моцна мяне злуюць: яны паказваюць жанчын непаўнавартаснымі фізычна і недаразьвітымі інтэлектуальна. Але гэтая кніга зусім не такая. Аўтар настолькі стараўся паказаць, што ўсе бабы дуры, што ў выніку дурнямі выглядаюць акурат мужчынскія героі. Бо адзінай прычынай любых сваіх праблем яны бачаць жанчын, якія знаходзяцца побач.

Калі б я мела адпаведныя кампэтэнцыі, мэтай гэтага тэксту было б стварэньне псыхалягічнага партрэта Мікалая Ліпкіна. Але ў рэальнасьці гэта тэкст пра тое, што не любую дзёрзкасьць у час постмадэрнізму трэба ўспрымаць як высокае мастацтва. Часам хамства — гэта проста хамства, а не мастацкая шматхадоўка. І калі асноўнай ідэяй кнігі становіцца «усе бабы — дуры», дык гэта калгасны адстой, а не выклік сучаснасьці.

На першых жа старонках раману нам прапануюць паспачуваць герою, у якога моцнае пахмельле, а жанчына рана будзіць яго і кажа, што ён набыў учора ня той маянэз, хоць яна і падкрэсьліла правільную назву ў сьпісе прадуктаў чырвоным колерам. То бок дарослы мужчына ня ў стане прачытаць назвы прадуктаў, але кепскай гераіняй аказваецца чамусьці жанчына.

Але Бог зь ім, з пахмельлем і з маянэзам. Я з усёй адказнасьцю заяўляю, што немагчыма злавацца на тэкст і ягонага аўтара, калі кніга поўніцца выразамі кшталту «жаночая няўважлівасьць да лёгікі размовы», «звычка многіх жанчын весьці размову, кіруючыся не лёгікай размовы, а лёгікай сваіх унутраных думак». Чытаць такое — не крыўдна і тым больш ня злосна. Хутчэй няёмка. Увесь час здаецца, што гэта ўсё ня можа быць сур’ёзна, што гэта гратэск, і вось-вось зьявіцца нейкая дэталь, зь якой адразу стане зразумела: аўтар нас правакуе.

На самой справе мужчынскія героі ў рамане настолькі прымітыўныя, што іх увогуле цяжка адрозьніць адзін ад аднаго

Але цуду не адбываецца. Аўтар сьвята верыць у існаваньне жаночай і мужчынскіх лёгік і ў тое, што жанчына, якая ходзіць па кватэры ў кароткім халаце, абавязкова заклікае мужчыну да сэксу. І гераіня, якая не магла дапрасіцца мужа заняцца заменай вокнаў і дамовілася аб усім сама, аказваецца кепскай, а яе муж, які а) доўга і ўпарта ўвільваў ад гэтай справы б) такі забыўся, у які дзень гэтыя вокны мусяць прывезьці, — пазытыўны герой.

На самой справе мужчынскія героі ў рамане настолькі прымітыўныя, што іх увогуле цяжка адрозьніць адзін ад аднаго: яны ўсе зьліваюцца ў аднаго аморфнага, зацыкленага на сэксе і алькаголі незадаволенага жыцьцём мужчыну, ува ўсіх бедах якога вінаваты жанчыны. Неяк няправільна яны яго абслугоўваюць: сьмеюць чагосьці прасіць, не з усім пагаджацца і нават выказваць нейкія прэтэнзіі.

Па вялікім рахунку, шкада ўсіх: жаночых і мужчынскіх герояў рамана, аўтара кнігі, тых людзей, зь якіх пісаліся гэтыя героі. Сябе таксама становіцца крыху шкада: тыя мужчынскія тыпажы, якімі так захапляецца аўтар, сапраўды існуюць, і нам трэба неяк суіснаваць побач з імі, і нават даводзіцца ўзаемадзейнічаць. Ім пляваць, што яны аб’ектыўна штосьці зрабілі няправільна: мужчына заўсёды мае рацыю, бо ён мужчына, і ў яго ёсьць мужчынская лёгіка, — самая сапраўдная з усіх лёгік.

Але найлепшую цытату я пакінула для фіналу: «Не, усё ж жанчыны — дзіўныя стварэньні. І гэтыя стварэньні нараджаюць нам дзяцей!». Нават ня ведаю, ці то пашкадаваць мужчын, бо яны не могуць нараджаць, ці то пасьмяяцца з ідэі, што жанчыны нараджаюць дзяцей мужчынам.

***

Мікалай Ліпкін — беларускі бізнэсовец. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца). Кніга «Мужчыны», як і папярэдняя «Адкладзіце свой брандспойт і ўтрыце свае бакенбарды» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.