Магілёўскія актывісты АГП патрабуюць звольніць чыноўніцу за «сабатаж Канстытуцыі»

Магілёўскі гарвыканкам, ілюстрацыйнае фота

Магілёўскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі патрабуюць ад гарвыканкаму, каб той скасаваў рашэньне аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Абласны савет партыі называе гэтае рашэньне «дыскрымінацыйным», бо яно парушае, на іхную думку, канстытуцыйную норму аб свабодзе сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў ды пікетаваньня.

«Магілёўскі гарвыканкам у абыход Канстытуцыі, якая гарантавала грамадзянам іх права, вырашыў ісьці сваіх шляхам забаронаў, абмежаваньняў, адсутнасьці свабодаў, кіруючыся сярэднявечнымі прынцыпамі», — адзначыў абласны савет партыі ў распаўсюджанай заяве, якая будзе накіраваная і ў выканкам.

Апазыцыянэры вінавацяць у парушэньні канстытуцыйных нормаў намесьніцу старшыні гарвыканкаму Алу Галушку, якую «за сабатаж 4 і 35 артыкулу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» патрабуюць звольніць.

Нагодай для заявы актывістаў АГП стала адмена гарвыканкамам патрабаваньня да арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць дамову зь міліцыяй. Разам з тым чыноўнікі пакінулі абавязковую норму для арганізатараў мець такія дамовы з мэдыкамі і камунальнікамі.

Актывісты апазыцыйнай партыі настойваюць, што зьмены ў рашэньні «прынцыпова нічога не зьмянілі».

«Ува ўсіх цывілізаваных краінах масавае мерапрыемства, — адзначылі яны, — адбываецца паводле апавяшчэньня, без дазволу. Ніякай аплаты пры гэтым не патрабуецца. Масавыя мерапрыемствы праводзяцца ў месцах, прыдатных для гэтага і зручных для насельніцтва».

Актывісты прыгадалі, што летась у красавіку шэраг апазыцыйных структур Магілёва ініцыявалі правядзеньне кансультацыяў гарвыканкамам наконт зьменаў у рашэньні аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, але гэтая ініцыятыва была праігнараваная.

За апошнія гады Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў ніводнай акцыі пратэсту. У той жа час, напісалі актывісты, сёлета ў лютым і сакавіку «за мітынгі і шэсьці, якія насілі мірны характар, улада ўжыла жорсткія і неадэкватным рэпрэсіі да іх удзельнікаў і арганізатараў».

Пра тое, што гарвыканкам скасаваў патрабаваньне да арганізатараў масавых мерапрыемстваў заключаць дамовы зь міліцыяй, паведамілі магілёўскія праваабронцы. Адзін зь іх, Барыс Бухель, у інтэрвію Свабодзе назваў зьмену ў рашэньні чыноўнікаў «невялікай саступкай грамадзтву».