«Калі Беларусь пойдзе ў NATO — нас захопіць Расея»: 5 аргумэнтаў «за» і «супраць» уваходу ў NATO

Вучэньні войскаў NATO ў Літве, травень 2017

У чым перавагі і ў чым хібы гіпатэтычнага ўступленьня Беларусі ў NATO? Ці трэба адмовіцца ад гэтай пэрспэктывы з прычыны пагрозы расейскага ўварваньня? Ці варта рабіць крокі, якія супярэчаць даміноўнай грамадзкай думцы?

На гэтыя тэмы ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» спрачаюцца журналісты Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч і Юры Дракахруст.

За ўступленьне ў NATO

1. Калі асьцерагацца ўвесь час расейскага ўварваньня — гэта рабская мэнтальнасьць.

2. Прыклад суседзяў Беларусі — Літвы, Латвіі, Польшчы — паказвае, што іх сяброўства ў Альянсе — гарантыя іх выжываньня як дзяржаваў і іх нацыяў.

3. Пасьля ўступленьня ў NATO Літвы, Латвіі і Польшчы замежныя інвэстыцыі ў гэтыя краіны павялічыліся ў тры разы.

4. У 1991 годзе на савецкім рэфэрэндуме беларусы ў большасьці прагаласавалі за захаваньне СССР. Сёньня незалежнасьць — каштоўнасьць для большасьці беларусаў. Грамадзкая думка можа мяняцца. Калі з грамадзтвам не працаваць, то грамадзкая думка ніколі ня зьменіцца.

5. Галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі — Расея. Нічога, акрамя NATO, ня можа гарантаваць бясьпеку Беларусі ад гэтай пагрозы.​

Супраць уступленьня ў NATO

1. Калі ўявіць сабе, што Беларусь цяпер, пры Лукашэнку, паспрабуе ўступіць у Альянс, гэта імгненна выкліча расейскую вайсковую інтэрвэнцыю.

2. Уступленьне ў NATO — толькі адзін, і ня самы важны, элемэнт зьмены геапалітычнага выбару і палітычнага ладу краіны. Павінна шмат што памяняцца ў Беларусі, каб нават разглядаць гэтае пытаньне.

3. Грамадзкая думка ў Беларусі ўсе гады незалежнасьці была супраць далучэньня краіны да Альянсу, колькасьць прыхільнікаў гэтага кроку была заўсёды значна меншай, чым колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі.

4. Грамадзкая думка ва Ўкраіне да 2014 году была супраць уступленьня Ўкраіны ў NATO. Чыньнікам зьмены настрояў сталі анэксія і вайна.

5. Сяброўства ў NATO не зьяўляецца абавязковай умовай прыналежнасьці і далучэньня да эўрапейскай цывілізацыі. Чальцы ЭЗ Аўстрыя, Фінляндыя, Швэцыя не ўваходзяць у Альянс. Кандыдат у чальцы ЭЗ Сэрбія ня мае намеру ўступаць у NATO.