Паводле delfi.lt, Лінкявічус такім чынам пракамэнтаваў выклік амбасадара Літвы Андруса Пулокаса ў МЗС Беларусі для тлумачэньняў з нагоды нядаўняга выказваньня прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце.
«Мы заўсёды памятаем пра тое, што гэта наш сусед, што мы з гэтым суседам і гандлюем, і супрацоўнічаем, і партнэрства ў гэтым сэнсе вельмі важнае. Аднак ёсьць аспэкты, якія заслугоўваюць камэнтараў. Мы не можам не зьвяртаць увагі на гэта. Наколькі мне вядома, прэзыдэнт выказала свой погляд з нагоды манэўраў, якія арганізуюцца Расеяй у апошні час і ў якія Беларусь вельмі інтэграваная, яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для дысьлякацыі вялікіх магутнасьцяў», — сказаў Лінкявічус.
5 чэрвеня ў інтэрвію тэлекампаніі LRT перад сваім візытам у Эстонію Грыбаўскайце сказала: «Эстонія, як і Латвія ці Польшча, нам вельмі важная, бо гэты рэгіён — гэта ўсходняе памежжа NATO, таму выклікі і пагрозы — тыя самыя. Гэта знаходжаньне на ўсход ад нас Расеі і Беларусі. Вядома, і мілітарызацыя, якую мы бачым у Калінінградзе, выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і будучыя вайсковыя манэўры», — адзначыла Грыбаўскайтэ.
У сваёй заяве МЗС Беларусі адзначыла, што «выкарыстаная прэзыдэнтам Літвы лексыка, уключаючы словы „агрэсіўныя гульні“, зьяўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку і ўносіць рэальны і агульнапрызнаны ўклад у справу ўмацаваньня бясьпекі нашага рэгіёну».