Рашэньні міжнародных арганізацый у Беларусі выконваць не абавязкова, — Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў, каб тыя паспрыялі выкананьню рашэньняў і рэкамэндацый міжнародных арганізацый у галіне правоў чалавека.

Дзергачоў прасіў патлумачыць, калі ў Беларусі пачне дзейнічаць норма права, якая б гарантавала рэалізацыю рашэньняў міжнародных арганізацый наконт зваротаў грамадзянаў Беларусі.

Алесь Дзергачоў зьвярнуўся ў камісію правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў і заявіў, што ў Беларусі адсутнічае норма права, якая б гарантавала рэалізацыю пастаноў, рэкамэндацый ці рашэньняў міжнародных арганізацый наконт зваротаў грамадзян Беларусі.

Алесь Дзергачоў

«Я напісаў парлямэнтарам сваё меркаваньне, паводле якога артыкул 61 Канстытуцыі Беларусі фактычна гарантуе грамадзянам толькі паштовую паслугу — дастаўку зваротаў у міжнародныя арганізацыі, а не абарону іх правоў. Таму прасіў паведаміць, якія захады мае намер прыняць камісія, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараняць свае правы празь міжнародныя арганізацыі. Тым больш што Беларусь ня выканала ніводнай рэкамэндацыі Камітэта ААН у правах чалавека, колькасьць якіх вылічваецца ўжо дзясяткамі».

Адказ Дзергачоў атрымаў ад старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэя Навумовіча. У ім спадар Навумовіч падкрэсьлівае, што міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, не агаворваецца абавязковасьць выкананьня дзяржавай пастаноў, рэкамэндацый, рашэньняў міжнародных арганізацый.

«Я і пытаўся, якія захады мае намер прыняць камісія, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараняць свае правы празь міжнародныя арганізацыі. А мне, па сутнасьці, адказалі, што грамадзяне Беларусі маюць права паскардзіцца».

Паводле Дзергачова, камісію задавальняе становішча, калі Рэспубліка Беларусь ігнаруе рэкамэндацыі пра канкрэтныя парушэньні, напрыклад, Камітэту ААН у пытаньнях правоў чалавека.

«Але ж са зьместу артыкулу 61 Канстытуцыі вынікае, што, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараніць свае правы празь міжнародныя арганізацыі, трэба прымаць унутрыдзяржаўны закон аб абавязковасьці вэрдыктаў міжнародных арганізацый наконт скаргаў грамадзян. Такім чынам, артыкул 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніколі ня дзейнічаў і пакуль ня будзе дзейнічаць. Суб’екты заканадаўчай ініцыятывы ў існуючых умовах дзяржаўнага кіраваньня праяўляць ініцыятыву ў аднаўленьні дзеяньня гэтага артыкулу Канстытуцыі проста баяцца. З ініцыятывай мог бы выступіць кіраўнік краіны, але відавочна, што і гэты бок у такой пастаноўцы пытаньня не зацікаўлены».