— Валер, мы з вамі сустракаліся ў траўні ў Вашынгтоне ў Сусьветным банку, дзе вы працуеце кансультантам у галіне навакольнага асяродзьдзя ў краінах Афрыкі. І вы неяк паскардзіліся, што беларуская дзяржава ня надта прасоўвае, не надта лабіруе беларусаў у рамках такіх міжнародных структураў. Як вы мяркуеце, чаму? Таму што ня хоча, не надае шмат увагі альбо прасоўвае, але ня тых?
— Думаю, што ўсё ж недахоп палітычнай вагі Беларусі ў міжнародных адносінах адбіваецца, не дазваляе прасоўваць беларускіх кандыдатаў ня толькі на кіруючыя пасады, а ўвогуле ў міжнародныя арганізацыі. Безумоўна, беларусы працуюць у міжнародных арганізацыях, але параўнальна зь іншымі краінамі, нават тымі, якія маюць падобныя характарыстыкі як і Беларусь, іх усё ж адзінкі.
— Вы — прафэсійны, карʼерны дыплямат. Чаму вырашылі пакінуць Беларусь? Гэта была вымушаная мера ці добра прадуманае рашэньне?
У 2006 годзе я вырашыў сысьці з дыпляматычнай службы пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў сябе прэзыдэнтам на трэці тэрмін
— Я пачынаў працаваць у міністэрстве зьнешнеэканамічных сувязяў пры міністры Марынічы. У 1998 годзе пачалася мая карʼера ў гэтай галіне, але ўжо ў сьнежні таго самага году міністэрства было злучана зь міністэрствам замежных справаў. Такім чынам я стаў дыпляматам, пра што я, канечне, марыў. Пасьля гэтага тры гады я працаваў у МЗС, у 2001 годзе пачаў працаваць у амбасадзе Беларусі ў ЗША ў пытаньнях палітычнага супрацоўніцтва з ЗША. Пасьля вяртаньня ў Беларусь у 2004 годзе пачаў працаваць у кірунку пытаньняў правоў чалавека і барацьбы з гандлем людзьмі. У 2006 годзе я вырашыў сысьці з дыпляматычнай службы пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў сябе прэзыдэнтам на трэці тэрмін. На мой погляд, гэта супярэчыла і дэмакратычным прынцыпам, і Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе. Пасьля гэтага некаторы час працаваў у прыватным бізнэсе ў сфэры разьвіцьця міжнароднага бізнэсу.
Пасьля выбараў 2010 году я патрапіў пад ціск уладаў, былі арышты, я быў вымушаны сысьці з працы ў прыватнай кампаніі і апынуўся ў сытуацыі, калі мне было складана выбудоўваць сваё прафэсійнае разьвіцьцё. Адным з выхадаў была паездка ў ЗША, каб атрымаць адукацыю. Жонка і я падалі дакумэнты ў амэрыканскія ўнівэрсытэты і нас прынялі. Мы зрабілі гэта крок, каб не застойвацца і не губляць час у Беларусі ў пляне прафэсійнага разьвіцьця. Можна сказаць, што гэта было вымушанае рашэньне. Мы не хацелі гэтага, мы да гэтага не імкнуліся. Мы бы хутчэй заставаліся ў Беларусі і працавалі, калі б была такая магчымасьць. Калі мы прыехалі ў ЗША, трэба было шмат рабіць для таго, каб рэалізавацца. Тут ёсьць і магчымасьці, але і вялікая канкурэнцыя, і гэта заўсёды падштурхоўвае, прымушае рухацца.
— Ці былі выпадкі ў часы дыпляматычнай працы, калі вам было сорамна за сваю краіну?
— За краіну, за Беларусь ніколі не было сорамна. Беларусьсю ганарыўся і буду ганарыцца, але за палітыку кіраўніка краіны, за некаторыя яго рашэньні, паводзіны, рыторыку мне было часам сорамна. Але тым ня менш прыходзілася адстойваць, тлумачыць гэтыя рашэньні, тлумачыць гэтыя словы. І ў гэтым адзін з самых няпростых бакоў працы дыплямата, і ня толькі беларускага.
— Вядома пра двух палітвязьняў — былых дыпляматаў. Аднаго ўжо няма ў жывых, гэта Міхаіл Марыніч, былы міністар і былы амбасадар, пра якога вы згадалі, а другі — былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў. Такіх выпадкаў ня так шмат сярод супрацоўнікаў МЗС. Вось і вы выказалі нязгоду зь дзейнай сытуацыяй і эмігравалі. Ці ведаеце вы яшчэ падобныя выпадкі сярод вашых былых калегаў?
— Я б не назваў гэта эміграцыяй, мы ўсё ж прыехалі ў ЗША вучыцца і працаваць, але мы ведаем, што рана ці позна вернемся ў Беларусь. Так, ня так шмат людзей сыходзіць з МЗС, нават нягледзячы на тое, што яны могуць быць нязгодныя з палітыкай кіраўніка краіны і з тым, што адбываецца ў краіне. Яны выбіраюць застацца ў сыстэме і працаваць. Некаторыя сыходзяць з МЗС, застаюцца ў Беларусі, спрабуюць сябе знайсьці ў іншых сфэрах, а некаторыя знаходзяць сябе за мяжой.
— Вы скончылі аддзяленьне міжнародных адносінаў БДУ, вучыліся на адным курсе зь Віктарам Лукашэнкам, з многімі ўплывовым цяпер людзьмі ва ўладзе. Як вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі сучасных беларускіх дыпляматаў, і ці ён вызначальны ў прасоўваньні па службовай лесьвіцы?
— Узровень падрыхтоўкі сёньня дастатковы для тых задачаў, якія ставіць перад імі МЗС. Аднак, калі глядзець на сучасныя міжнародныя адносіны, то, безумоўна, у беларускіх дыпляматаў не стае навыкаў, ведаў, якія дапамаглі б ім быць больш эфэктыўнымі ў прасоўваньні больш складаных задачаў. На жаль, яны занятыя сёньня з большага тым, каб забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для захаваньня ўлады Лукашэнкі, і з гэтай задачай яны з большага спраўляюцца. Але для таго, каб сапраўды прасоўваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, патрэбная лепшая падрыхтоўка, веды, навыкі і іншыя паводзіны.
— Вы казалі, што скончылі з жонкай унівэрсытэты ў ЗША. Якую адукацыю вы атрымалі? Раскажыце больш падрабязна пра тое, як давялося пачынаць жыцьцё фактычна ад самага пачатку ў ЗША. Наколькі гэта было цяжка? Ці рэальная амэрыканская мара ў 21 стагодзьдзі?
Амэрыканская мара, безумоўна, застаецца вельмі актуальнай і прывабнай
— Мая жонка паступіла ў магістратуру Гарвардзкага ўнівэрсытэту, скончыла школу права і атрымала дыплём магістра. Я вучыўся ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне па двухгадавой праграме (яна таксама першая ў рэйтынгу, як і праграма маёй жонкі), атрымаў дыплём магістра ў галіне міжнародных адносінаў. Некаторы час мы вымушаныя былі жыць на два гарады, жонка з сынам у Бостане, а я ў Вашынгтоне, але пасьля сканчэньня яе праграмы жонка пераехала ў Вашынгтон, і мы пачалі сумесна выкладаць дарогу да той самай амэрыканскай мары.
Усё ж мы больш разглядаем сябе як міжнародных спэцыялістаў, якія прыехалі працаваць у Вашынгтон. Вашынгтон — месца, дзе вельмі шмат магчымасьці для рэалізацыі, і гэта прыцягвае вялікую колькасьць выдатна падрыхтаваных спэцыялістаў з усяго сьвету, з добрымі ведамі, досьведам, якія гатовыя шмат працаваць, выпрацоўваць новыя ідэі. Амэрыканская мара, безумоўна, застаецца вельмі актуальнай і прывабнай. Для людзей тут шмат магчымасьцяў, але яна патрабуе шмат ахвяраў, што тычыцца адукацыі, працы, адданасьці сваёй мэце.
— Вы працавалі некалькі гадоў у рускай службе «Голасу Амэрыкі», дзе як аказалася, у апошнія гады сфармавалася даволі моцная беларуская каманда — Алесь Круглякоў, Ігар Ціханенка, Андрэй Дзяркач... Фактычна на чале службы таксама ўраджэнец Беларусі. Ведаю, што ў свой час вы спрабавалі ўзьняць пытаньне стварэньня беларускай службы «Голасу Амэрыкі». Чаму не атрымалася?
Мы бачым, што дапамога ЗША для Беларусі скарачаецца і можа скараціцца да нуля
— Гэтую ідэю я ўздымаў на працягу прэзыдэнцкай кампаніі. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася з камандай Гілары Клінтана, якая на той момант была найбольш верагодным пераможцам на выбарах. Яны вельмі прыязна паставіліся да гэтай ідэі, ва ўсякім разе ў нашых папярэдніх размовах. Але, на вялікі жаль, з прыходам да ўлады Дональда Трампа гэтая ідэя, канечне, ня вельмі своечасовая. Увага яго да Ўсходняй Эўропы і да Беларусі ў прыватнасьці — вельмі нізкая. Ня варта разьлічваць на тое, што ва ўмовах нарастаючай міжнароднай ізаляцыі ЗША будуць выдаткоўваць дадатковыя сродкі на тое, каб падтрымліваць вяшчаньне на новыя краіны. У гэтым сэнсе Беларусь далёка не прыярытэт для ЗША. Мы бачым, што дапамога ЗША для Беларусі скарачаецца і можа скараціцца да нуля. Відавочна, што ідэя з арганізацыяй беларускай служы «Голасу Амэрыкі» зараз не своечасовая, але яна не губляе актуальнасьці, бо арганізацыя такой службы — гэта была бы інстытуцыяналізаваная прысутнасьць Беларусі ў Вашынгтоне. Гэта было б месца, дзе жыла бы Беларусь, беларускасьць, абмяркоўваліся беларускія пытаньні і праблемы, дзе зацікаўленыя беларусы, прыяжджаючы ў Вашынгтон, у ЗША, маглі б мець магчымасьць расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, супаставіць інтарэсы Беларусі і ЗША, і гэта былі бы ня толькі недзяржаўныя арганізацыі, дэмакратычныя актывісты, але і афіцыйныя прадстаўнікі, у якіх ёсьць свой погляд на тое, што адбываецца ў Беларусі, і тое, што можна зрабіць для стасункаў Беларусі і ЗША. Карацей, беларуская служба «Голасу Амэрыкі» — гэта пэрспэктыва. Спадзяюся, што прыйдзе час для рэалізацыі гэтай ідэі.
— Беларуская служба «Голасу Амэрыкі» існавала калісьці вельмі кароткі час. Калі паглядзіць на замежныя СМІ, то няма беларускай службы на BBC, на «Нямецкай хвалі», на «Голасе Амэрыкі», ёсьць толькі беларуская служба Радыё Свабода. Пры гэтым на BBC, «Нямецкай хвалі» ёсьць украінскія, армянскія і многія іншыя рэдакцыі. Чаму так? Ці беларусам бракуе ініцыятывы? Ці Беларусь ня так істотная для тых, хто прымае такія рашэньні?
— Думаю, што ініцыятывы хапае. Ёсьць шмат людзей, якія заўважаюць гэтую недарэчнасьць, што не існуе беларускіх службаў у такіх вядучых мэдыякампаніях. Не хапае пасьлядоўнасьці, настойлівасьці, прафэсійных намаганьняў людзей, якія гэтым займаліся б на сталай аснове не адзін месяц, не адзін год, а шмат гадоў, каб яны дамагаліся гэтага праз лабіраваньне, праз прыцягненьне падтрымкі іншых дыяспар, бізнэсу, палітыкаў. На вялікі жаль, мы бачым, што сілы, якія прыходзяць у дэмакратычны рух Беларусі, часам прыходзяць, нешта робяць, ініцыююць, а пасьля могуць сысьці па тых ці іншых прычынах. У тым ліку і праз недахоп падтрымкі і фінансаваньня. Такім чынам многія ідэі, ініцыятывы ўзьнікаюць, а потым проста захлынаюцца, заканчваюцца праз недахоп настойлівасьці і пасьлядоўнасьці ў іх рэалізацыі.
— Вы падкрэсьліваеце, што вы не знаходзіцеся ў эміграцыі, значыць, вы разглядаеце магчымасьць вяртаньня ў Беларусь?
— Мы лічым, што вымушаныя ўмовы знаходжаньня за межамі Беларусі можна выкарыстаць дзеля прасоўваньня і інтарэсаў Беларусі і дзеля ўласнага разьвіцьця.
— Як вы мяркуеце, якія сілы ў атачэньні кіраўніка Беларусі акажуцца больш моцнымі — каманды Макея, якая робіць пэўныя, хай і невялікія крокі для пацяпленьня адносінаў з Захадам, ці сілавы блёк?
Тактычныя посьпехі Макея, ці наадварот посьпехі МУС і КДБ, істотна не ўплываюць насамрэч ані на стан спраў у Беларусі, ані на становішча Беларусі ў сьвеце
— Калі паглядзець на гісторыю гэтага пытаньня, гэтага супрацьстаяньня, то часам можа падацца ілюзорным, ці яго ёсьць. МЗС глядзіць на сьвет са свайго пункту погляду, МУС — са свайго, КДБ, безумоўна, бачыць паўсюдна нейкія выклікі і пагрозы для ўлады Лукашэнкі. Калі паглядзім на гісторыю гэтага пытаньня, то бачым, што гэта крывая — дзесьці МЗС выходзіць на першы плян, дамагаецца нейкіх істотных вынікаў, якія пасьля могуць быць «зьедзеныя» некаторымі дзеяньнямі МУС, як было гэтай вясной. Але па выніку, калі прасачыць ваганьні гэтай крывой, то пабачым, што з большага сытуацыя роўная і атрымліваецца нічыя ў выніку. Тое, што было 5, 10, 15 гадоў таму — на жаль, істотных зрухаў ня бачым, каб Беларусь займала іншае месца ў сыстэме міжнародных адносінаў, выбудоўвала іншыя дачыненьні нават з суседнімі краінамі. Сытуацыя застаецца замарожанай, закансэрваванай. Тактычныя посьпехі Макея, ці наадварот посьпехі МУС і КДБ, істотна не ўплываюць насамрэч ані на стан спраў у Беларусі, ані на становішча Беларусі ў сьвеце.
— Калі б вы цяпер мелі паўнамоцтвы кіраўніка МЗС, якія тры прапановы зрабілі бы дзеля рэальнага паляпшэньня іміджу Беларусі ў сьвеце?
— Найперш варта было б ураўнаважыць зьнешнюю і ўнутраную палітыку. Якія б не былі посьпехі ў беларускіх дыпляматаў, калі ў самой Беларусі адбываюцца трагічныя, скандальныя рэчы, як было гэтай вясной, то ніякімі посьпехамі не закрыеш гэтыя праблемы, і нікога не пераканаеш, што Беларусь разьвіваецца як самастойная сьвядомая краіна, якая дбае пра свае інтарэсы і інтарэсы кожнага чалавека.
Па-другое, у Беларусі не хапае цэласнай палітыкі ў галіне публічнай дыпляматыі, каб пра Беларусь расказвалі самае найлепшае ня толькі дыпляматы, чыноўнікі з міністэрстваў і ведамстваў, але каб гэта былі намаганьні недзяржаўных арганізацый, культурных дзеячаў і спартоўцаў. Прыклад гэтага году, удзел «NAVIBAND» у Эўрабачаньні засьведчыў, наколькі эфэктыўны можа быць такі ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, наколькі ён прасоўвае імя Беларусі, і наколькі людзям прыемна і цікава ведаць пра Беларусь. З майго досьведу, калі я езьдзіў у Афрыку, і мяне пыталіся, адкуль я, я адказваў пра Беларусь, і ўсё што яны ведалі, гэта было імя футбаліста Аляксандра Глеба. Там ведалі пра Глеба нават болей, чым я мог расказаць.
І трэцяе — надаваць больш увагі падрыхтоўцы беларускіх дыпляматаў, каб яны мелі магчымасьць атрымліваць адукацыю за мяжой, удзельнічаць у канфэрэнцыях, сэмінарах, каб публічныя мерапрыемствы для іх былі абсалютна нармальным асяродзьдзем, дзе яны маглі б выказвацца і спрачацца, каб яны былі здольныя адстойваць свой пункт гледжаньня. На вялікі жаль, сёньня беларуская дыпляматыя пазьбягае такіх магчымасьцяў. Гэта моцна абразае магчымасьці даносіць свой мэсыдж да людзей. Так атрымліваецца праз недахоп падрыхтоўкі.
— Якая ваша галоўная амбіцыя цяпер?
— Стаць спэцыялістам у той справе, дзе я працую цяпер. Вельмі хочацца дамагчыся пэўных вынікаў і прызнаньня. Але самая галоўная мая амбіцыя — падрыхтаваць сябе для вяртаньня ў Беларусь, каб служыць далей Беларусі, каб служыць ня толькі тут у некалькі абмежаваных формах, а сапраўды вярнуцца ў Беларусь і быць арганічнай часткай грамадзтва, і каб Беларусь стала сапраўды незалежнай і пасьпяховай краінай.