Як сытуацыя з Катарам можа адбіцца на стасунках Беларусі з гэтай краінай?
Што маем на сёньня
Дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Катар былі ўсталяваныя ў 1996 годзе. За гэты час Аляксандар Лукашэнка тройчы наведваў Катар. Першы раз — у 2001 годзе. У 2011 годзе адбылася другая паездка Лукашэнкі, у 2016 — трэцяя. Ад 2014 у катарскай сталіцы Досе працуе беларуская амбасада.
Існуюць дзьве асноўныя прычыны, якімі беларускія ўлады абгрунтоўваюць неабходнасьць візытаў у Катар. Першая: гэтая краіна — пэрспэктыўная пляцоўка для рээкспарту беларускай прадукцыі ў краіны Пэрсыдзкай затокі. Другая: яна мае значныя інвэстыцыйныя рэсурсы, якія могуць быць прыцягнутыя ў беларускую эканоміку. І гэтыя словы рэфрэнам гучаць перад кожнай паездкай.
Але дагэтуль прарыву няма. Калісьці былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч тлумачыў невялікі гандлёвы абарот з Катарам нізкай якасьцю беларускіх вырабаў. Багатай краіне патрэбныя цудоўныя, якасныя тавары. А Беларусь, казаў тады Марыніч, ня ў стане іх прапанаваць.
А адсутнасьць стабільнага заканадаўства ў Беларусі стрымлівае катарскіх бізнэсоўцаў ад інвэстыцыяў. Яны цудоўна ведаюць, што многія законы — гэта прэзыдэнцкія дэкрэты ды ўказы, якія сёньня падпісваюцца, а заўтра адмяняюцца. Гэта не дае інвэстару стабільнасьці, не дае ўпэўненасьці, каб спакойна працаваць на беларускім рынку. Таму гэтыя паездкі Лукашэнкі станоўчага выніку могуць ня дадуць.
Паказальна, што калі ў ранейшыя гады таваразварот Беларусі з Катарам не перавышаў сьціплыя 20 мільёнаў даляраў, то летась зьнешнегандлёвая статыстыка Беларусі не фіксавала яго наагул. Гэта значыць, нават калі ёсьць нейкія зьдзелкі, то беларускаму бюджэту ад гэтага нічога не перападае. Вядома, напрыклад, што за тры першыя кварталы мінулага году Катар купіў у Беларусі 6 кіляграмаў рэклямных брашур, 11 жаночых сукенак, трошкі штучных кветак, 4 дазымэтры і крыштальныя вазы. Гэта проста анэкдатычная статыстыка для краіны, ад якой Беларусь хоча мільярдных інвэстыцый.
Калі ў Катары запахне паленым, тамтэйшыя «грашовыя мяхі» могуць паўцякаць у Беларусь — Раманчук
Міжнародныя аналітыкі не выключаюць, што канфлікт вакол Катара можа скончыцца нават вайной на Блізкім усходзе.
«Фонд нацыянальнага багацьця Катара складае пяць трыльёнаў даляраў, — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. — Гэта фантастычная сума.
І частка гэтых грошай можа трапіць у Беларусь. Але пры адной умове. Калі ў Катары адбудуцца радыкальныя зьмены, то, магчыма, хтосьці з кіроўнай сям’і будзе шукаць прытулку ў Менску. Як гэта зрабіў, напрыклад, Бакіеў.
Таму перамены ў Катары могуць паспрыяць істотнаму пашырэньню інвэстыцый у Беларусь. Бо наша кіраўніцтва з задавальненьнем прыме ў сябе людзей з такімі велізарнымі грашыма. Іх можна ўкласьці ў гатэльны бізнэс, у нерухомасьць. Прычым можна так сфармуляваць дамову аб супрацы, што пасьля катарцы ўжо ня змогуць ад яе безь велізарных для сябе стратаў адмовіцца. Карацей, формула такая: завабіць і выкарыстоўваць.
Калі ў Катары запахне паленым, мясцовыя „грашовыя мяхі“ могуць паўцякаць у Беларусь. А пасьля нават выкарыстоўваць Менск як пляцоўку для дыялёгу».
З дапамогай Катара Лукашэнка перамог «Уралкалій», — Якаўлеўскі
«У Катара і Беларусі розныя грашовыя праблемы, — падкрэсьлівае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — У Менску шукаюць, дзе ўзяць грошы. У Досе думаюць, куды іх падзець.
І Лукашэнка гэтай сытуацыяй ужо скарыстаўся. Менавіта з дапамогай Катара ён выйграў вайну з „Уралкаліем“. Менавіта Катар забясьпечыў рэалізацыю беларускага калію аж да Бразыліі. У Досе дзеля гэтага стварылі спэцыяльную фірму. Узьнікае пытаньне: а навошта Катару гэта патрэбна? Адразу адкажу: не ад любові да Беларусі. Гэта зроблена назло Расеі. Катар рашуча выступае супраць рэжыму Асада. А Крэмль Асада моцна падтрымлівае. З гэтых меркаваньняў у Досе падтрымалі Лукашэнку.
З Катарам у беларускіх кіраўнікоў наагул адносіны спэцыфічныя. Наколькі я ведаю, курыруе гэтую краіну непасрэдна Віктар Лукашэнка. Вядома, што катарскія спэцназаўцы трэніраваліся ў Менску, на дынамаўскім спарткомплексе».
Катар агарадзіў плотам лес у Лагойскім раёне — TUT.BY
«Чатыры гады таму прэзыдэнцкімі ўказамі з грыфам „Для службовага карыстаньня“ дзяржаве Катар былі выдзеленыя ўчасткі зямлі ў Лагойскім і Смалявіцкім раёнах. Адзін — малы, 25 гектараў, каля Дуброўскага вадасховішча — аддалі пад будучую рэзыдэнцыю дзяржавы Катар. Яшчэ два — у Лагойскім раёне — пад паляўнічыя ўгодзьдзі. Пра памеры ўчасткаў, перададзеных на 99 гадоў пад паляўнічыя ўгодзьдзі, інфармацыі ў адкрытых крыніцах няма.
Журналісты realty.tut.by аб’ехалі катарскія зямлі і высьветлілі: усяго Катару здалі амаль 25 квадратных кілямэтраў беларускіх лясоў, балот і палёў. Землі агарадзілі плотам з калючым дротам».