Зь сяброўкай

Хуга Біргер, «У альтанцы» (1880)

Прыехала да мяне даўняя сяброўка, якая цяпер жыве далёка. Сядзiм, гутарым, успамiнаем, зь нечага сьмяемся, часам трохi сумуем…

Я расказала ёй пра сваё захапленьне «100 словамi». Яна зьдзiвiлася: мы зь ёй у школе мову не вывучалi.

— Памятаю, як ты вершы любiла, а на мове штосьцi ведаеш?

— Так, нешта ведаю.

Дэклямую верш Пятруся Броўкi.

Хiба на вечар той можна забыцца?
…Сонца за борам
жар-птушкай садзiцца,
Штосьцi сьпявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор… Пахне чабор…

Сяброўка задуменна:

— Так, часам у жыцьцi робiш ня так, як хацелася б… Пры сустрэчы кажаш ня тое, што хацелася б… Чаму?

Вікторыя Грынінa

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org