У Вашынгтоне адбылася цырымонія ўступленьня Чарнагорыі ў NATO

Чарнагорыя стала 29-м членам NATO. Афіцыйная цырымонія прайшла ў Вашынгтоне ў будынку Дзярждэпартамэнту ЗША.

Прыняцьце Чарнагорыі ў NATO яшчэ больш аслабляе ўплыў Расеі ў паўднёва-ўсходняй Эўропе, блякуючы ёй выхад да так званых «цёплых мораў» Эўропы, якія можна выкарыстоўваць як пляцдарм для ваенных інтэрвэнцый на Блізкім Усходзе, адзначае «Голас Амэрыкі». У Дзярждэпартамэнце ЗША заявілі, што сяброўства Чарнагорыі ў NATO «падтрымае разьвіцьцё інтэграцыі, дэмакратычных рэформаў, гандлю, бясьпекі і стабільнасьці сярод усіх яе суседзяў».

Расея прыгразіла ў адказ мерамі эканамічнага і палітычнага характару, у тым ліку кампаніяй, накіраванай на падрыў турыстычнага бізнэсу Чарнагорыі, які ў значнай ступені залежыць ад расейскіх турыстаў. Паводле прыблізных дадзеных, кожны год у Чарнагорыю прыяжджаюць каля 200 тысяч расейцаў, 80 тысяч грамадзян Расеі валодаюць нерухомасьцю ў гэтай краіне.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава нядаўна папярэдзіла расейскіх турыстаў, што ў Чарнагорыі назіраецца ўсплёск «антырасейскай гістэрыі». Яна ня выключыла правакацыяў, затрыманьняў «па сумнеўных матывах», спробаў выдачы грамадзян Расіі трэцім краінам.