Калі майму малодшаму брату было тры гады, ён вельмі хацеў мець цацачны дзіцячы вазок, які ён мог бы катаць па кватэры і двары. Але бацька выступіў катэгарычна супраць гэтай ідэі, аргумэнтуючы тым, што ягоны сын — не дзяўчынка. І ўвогуле, што зь яго вырасьце, калі ён будзе гуляцца з такімі цацкамі?
Як цікава, аднак, атрымліваецца: калі дзяўчынка гуляецца зь лялькамі, нібыта яны немаўляткі, а яна пра іх клапоціцца, дык дарослыя з замілаваньнем кажуць, што яна — будучая маці. Калі ж тое самае робіць хлопчык, дык рэакцыя дарослых часта рэзка зьмяняецца, і высьвятляецца, што вырасьце з такога хлопчыка «невядома што».
На шчасьце, ня ўсе дарослыя такія і ўсё часьцей можна сустрэць тых, хто не хвалюецца, што маленькія цацачныя машынкі ператвораць дзяўчынку ў бясполага монстра. Але кампаніі-вытворцы працягваюць навязваць штучна створаны падзел на дзявочыя і хлапчуковыя цацкі, і тым самым яны абмяжоўваюць дзяцей значна больш, чым можа падацца на першы погляд.
Па-першае, такая практыка разьмяжоўвае дзяцей на суполкі не ў адпаведнасьці з рэальнымі агульнымі інтарэсамі, а проста таму, што яны дзяўчаткі або хлопчыкі. Па-другое, шмат каму можа быць проста нецікава гуляцца ў той форме і з тымі цацкамі, якія прадпісаныя гендэрнымі стэрэатыпамі. Па-трэцяе, звычка дзяліць прадметы на жаночыя і мужчынскія прыводзіць у будучыні да яшчэ большых абмежаваньняў, бо з часам выяўляецца, што існуюць мужчынскія і жаночыя прафэсіі, і трапіць, а тым больш дасягнуць посьпеху ў «супрацьлеглым лягеры» надзвычай цяжка, нягледзячы на рэальныя здольнасьці.
Як гэта звычайна і бывае, гендэрныя стэрэатыпы адносна дзіцячых цацак не трансьлююць рэальнасьць, а канструююць яе. Шмат якія дзяўчаткі любяць гуляцца ў машынкі і шмат якія жанчыны штодня кіруюць машынай. Шмат якія хлопчыкі любяць гуляцца з посудам, і шмат якія мужчыны працуюць кухарамі. Але індустрыя дзіцячых забаваў імкнецца стварыць рэальнасьць, у якой гатаваньне ежы — выключна жаночая справа.
Гатаваньнем, вядома ж, усё не абмяжоўваецца. У беларускай кампаніі «Палесьсе», якая вырабляе дзіцячыя цацкі, ёсьць, напрыклад, сэрыя цацачных комплексаў, якая называецца «Памочніца». У гэтую сэрыю ўваходзяць наборы прыбіральшчыцы, а таксама прас і адмысловая дошка для прасаваньня. Ёсьць таксама сэрыя комплексаў «Carmen». Вытворца зазначае ў апісаньні комплексу, што «маленькая гаспадыня зможа, пераймаючы гэта ў маці, гатаваць ежу, праць і прасаваць рэчы ўлюблёных лялек». А вось набор «Мэханік» — гэта ўжо «комплекс для хлопчыкаў».
Менавіта такой лёгікай арганізатаркі і арганізатары сьвята гульняў і цацак «Палесьсе» і кіраваліся, калі вырашылі падзяліць зону гульняў на ўмоўна дзявочую і хлапчуковую і нават паставіць паміж імі сымбалічную агароджу. Атрымалася, вядома ж, забаўна, бо дзеці актыўна дэманстравалі, што ўсё гэтыя вашыя стэрэатыпы — састарэлая лухта, і перабягалі на «забароненую тэрыторыю». Але разам з тым атрымалася дужа сумна, бо, па-першае, бацькі пэрыядычна прымушалі дзяцей гуляцца ў «правільныя» гульні, а па-другое, гэтая ідэя паставіць мяжу паміж «дзявочымі» і «хлапчуковымі» цацкамі ня проста прыйшла камусьці ў галаву, але і была ўзгодненая і рэалізаваная ў Беларусі ў 2017 годзе.
Мяне праўда вельмі радуе, што дзеці інтуітыўна супраціўляюцца стэрэатыпам і абіраюць тое, што ім на самой справе цікава і што ў іх насамрэч добра атрымліваецца. Але ці надоўга хопіць іх супраціву?
Дзеці вераць дарослым, і асабліва бацькам. І прынята лічыць, што бацькі вельмі любяць сваіх дзяцей і жадаюць ім толькі найлепшага. Але кіруючыся гэтай любоўю дарослыя часам выстаўляць дзецям абсалютна непатрэбныя абмежаваньні.