Сяргей Кунцэвіч просіць накіраваць яго для судова-мэдычнай экспэртызы і распачаць крымінальную справу адносна супрацоўнікаў КДБ і МУС, вінаватых ва ўжываньні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня.
Усе сьведчаньні фігуранта справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» Сяргея Кунцэвіча пра катаваньні задакумэнтаваныя празь відэа- і аўдыёзапіс.
Сяргей Кунцэвіч пацьвердзіў праваабаронцам, што факты катаваньняў мелі месца ў СІЗА КДБ, а пазьней і ў СІЗА № 1 Менску, куды яго перавялі праз два тыдні пасьля затрыманьня.
Сяргей Кунцэвіч: Мяне катавалі электрашокерам, каб даведацца, дзе Статкевіч
Сяргей расказаў, што падчас допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся без адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі сьледчыя, некалькі разоў ударылі яго па целе. Пасьля адзін зь іх 3-4 разы ўзьдзейнічаў электрашокерам на левую нагу цягам 30–40 сэкунд. Гэта прыносіла моцныя фізычныя пакуты.
Пасьля вяртаньня ў кабінэт сьледчыя працягвалі допыт, адзін зь людзей у чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненьнем.
Паводле Кунцэвіча, падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ парушаліся ягоныя працэсуальныя правы, ён утрымліваўся ў прыніжальных, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў мэдычнай дапамогі. У якасьці туалета выкарыстоўвалася вядро, якое стаяла на вачах у іншых арыштаваных.
Сяргей Кунцэвіч сказаў, што пасьля пераводу яго ў СІЗА № 1 яго зьбілі супрацоўнікі СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Гэта здарылася 1 чэрвеня.
Сяргей Кунцэвіч — адзін зь фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Яго затрымалі ў Менску 24 сакавіка. Кунцэвіч — паплечнік Мікалая Статкевіча па «Народнай грамадзе». У сюжэце, паказаным па БТ, яго назвалі асабістым кіроўцам палітыка.
2 чэрвеня Сяргея Кунцэвіча выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.