Тыповае сучаснае беларускае вясельле — відовішча фантасмагарычнае. Тут табе і танцы пад «Ласкавы май», і скокі пад полечку, і спрадвечныя народныя звычаі, і постсавецкія забабоны. Але беларус вясельле любіць — ва ўсіх яго праявах, лякацыях і драматургіі. І ня надта задумваецца, дзе тут сваё, а дзе чужое, — высноўвае з уласных назіраньняў наш аўтар Валянцін Бойка.
1. Вясельны поезд
Пасьля ЗАГСУ маладыя з дружкамі ды сябрамі звычайна ладзяць ганаровы праезд па горадзе. На вясельле «па-багатаму» стала модна наймаць даўжэзны лімузын або пяцёрку аднолькавых джыпаў з драпежнымі «пысамі». Больш сьціплы варыянт — паназьбіраць вясельны поезд з аўтамабіляў сваякоў ды знаёмых. Чмуту ў вочы надта ня пусьціш, затое можна дамовіцца за дарма.
У горадзе-героі Менску на цэнтральным пляцы кляксонамі надта не пагудзіш, затое ў райцэнтрах нарэзаць зь дзясятак колаў перад тамтэйшым выканкамам ды пасыгналіць — мілая рэч. Потым — ускласьці кветкі да помніка загінулым у вайну жаўнерам, павесіць на парэнчах моста замок і выкінуць ключ у рачулку ды выпіць шампанскага з плястыкавых кубачкаў і заесьці цукеркамі.
2. Карчма
Некалі вясельнікі гулялі на дзьве хаты: спачатку ў нявесты, а пасьля ў жаніха. Але ў цяперашніх малагабарытных гарадзкіх жытлах надта не разгуляесься (калі вы, вядома, не ўладальнік сьціплай хацінкі ў Драздах). Дый пасьля прыбіраць і посуд мыць — застрэліцца можна. І таму нават самыя нядошлыя рэстарацыі ў вясельны сэзон ажываюць: бо за адзін банкет яны «паднімаюць» болей, чым за ўвесь папярэдні тыдзень. Свайго кліента знаходзяць усе: і патасная рэстарацыя на цэнтральным менскім праспэкце, і сталоўка пры напаўжывым заводзе на ўскраіне гэткага ж напаўжывога райцэнтру. Але нават кахля, што адвальваецца са сьцен ад гучнай музыкі, не псуе настрою. Бо дзясятак каляровых балёнікаў ператварае панылае памяшканьне, дзе звычайна змагаюцца зь перасмажанымі катлетамі суворыя сьлесары, у сапраўдную вясельную залю. Дый госьці пераважна не пераборлівыя, і без калённых заляў за здароўе маладых вып’юць. Абы мейсца для танцаў ставала.
3. Танцы й музыка
Сучасныя маладыя ўсё часьцей запрашаюць дыджэяў, каб унікнуць фальшывага блекатаньня «казлатонам», якім грашаць многія вясельныя музыкі. Таму слаўная прафэсія лабуха можа апынуцца пад пагрозай выміраньня. Ёсьць, праўда, даволі хвацкія кавэр-бэнды, што і сыграюць жыўцом, і прасьпяваюць хораша ўсё, што захочаце. Але на беларускай пэрыфэрыі жывы сьпеў яшчэ трымае пазыцыі і дэманструе ўсё багацьце рэстараннага рэпэртуару. Тут вам і «Ласкавы май», і Верка Сярдзючка, і «Ах, эта свадьба...», і «Земля в иллюминаторе» — правераныя часам кампазыцыі, крыху прыпраўленыя больш сучаснай расейскай папсой. Што сьпявак часам лупіць міма нот — тое не бяда. Затое шчыра. Дый народу даспадобы. Зрэшты, часам на вясельлях можна ўчуць і беларускія полечкі, і нават песьні «Крамбамбулі». Бо пад іх таньчыцца добра.
4. Вясельныя конкурсы
Наўрад ці цяпер нехта прыгадае, скуль тое пайшло на беларускіх вясельлях — ладзіць у перапынках паміж танцамі конкурсы. Зьмест гэтых забавак можа розьніцца ў залежнасьці ад фантазіі і густу вядоўцы, але ёсьць пэўны клясычны набор, які гэтаксама трывала ўвайшоў у беларускую вясельную традыцыю, як «Рамэа і Джульета» — у рэпэртуар сусьветных тэатраў. І хаця госьці гэтыя конкурсы памятаюць лепей за табліцу памнажэньня, усе шчыра рагочуць, калі нехта чарговы раз перакотвае ў штанах бульбіну, спрабуе ляснуць азадкам балёнік або прысядае, каб пацэліць аловачкам, што прывязаны ніткай да пояса, у бутэлечку. «Пашлоцьце!» — крывяцца асабліва чулыя эстэты. Але ж і нашыя продкі ня грэбавалі сьпяваць для маладых ня надта прыстойныя песьні і ладзіць сумнеўныя з гледзішча пурытанскай маралі забаўкі. І госьці з Заходняй Эўропы, трапіўшы на сучаснае беларускае вясельле, застаюцца ў шалёным захапленьні, бо ёсьць у гэтым нешта ад старажытнагрэцкіх вакханалій, прыпраўленых эстэтыкай фільмаў Кустурыцы.
5. Каравай і падарункі
Як і стагодзьдзі таму, на беларускіх вясельлях дзеляць каравай, трактуючы ім гасьцей. А госьці адорваюць маладых: збольшага рублём, далярам ці якой яшчэ валютай. Бо самому выбіраць падарунак — лішні клопат, дый можна не патрафіць маладым. Грошы найчасьцей дораць у адмысловых сувэнірных капэртах, прычым бывае, што госьці наровяць падаць іх раскрытымі, каб усе пабачылі купюры. Ня дзеля пахвальбы, а каб пацьвердзіць сваю сумленнасьць, бо знаходзяцца хітруны, якія дораць пустыя капэрты. А гэта ж не па-людзку: пагуляць пагулялі, а аддзячыць не аддзячылі. Аддаўшы падарунак, можна нарэшце цалкам разьняволіцца і аддацца стыхіі беларускага вясельля: ты болей не баісься згубіць каштоўную капэртачку. Таму ўсе за стол!
6. Пачастунак
Фармат вясельнага фуршэту ў нашых краях ня надта прыжыўся. Ня наская гэтая прыдумка — увесь вечар стаяць слупам, раз-пораз закідваючыся мікраскапічнымі канапкамі са стала. І нават калі маладыя спрабуюць зладзіць пачостку па-сучаснаму, звычайна ўсё сканчаецца тым, што госьці аднекуль здабываюць услоны, крэслы і ладкуюцца за сталом па-людзку.
Набор страваў на сучасным беларускім вясельлі залежыць ад фантазіі кухара той карчмы ці сталоўкі, дзе адбываецца падзея. І часам трапляюцца даволі арыгінальныя рэчы, нават з нацыянальным калярытам. Але ёсьць і агульныя мейсцы кшталту саляты «Цэзар», мясной нарэзкі і куры ў блінах. І абавязкова заліўное, якое застаецца некранутым, бо ўжо ня лезе. Але ж яго ўсё адно падаюць на стол: а раптам ня выстачыць? Гэта ж такая ганьба! Таму гатуецца ўсё з шляхецкім размахам. Усё адно нічога не прападзе: прайсьціся пасьля банкету з пакецікамі і пазьбіраць тое, што засталося, дахаты — звыклы вясельны рытуал.
Калі стравы звычайна гатуе тутэйшая кухня, то пра напоі маладыя ці, што часьцей, іх бацькі мусяць падбаць самі. Найчасьцей адміністрацыя дазваляе прывезьці сваю выпіўку, купленую ў звычайнай краме.
7. Выкраданьне нявесты
Хто запачаткаваў традыцыю вясельнага кіднэпінгу — загадка гісторыі. Як бы там ні было, а замкнуць нявесту ў якой каморы і спаганяць з жаніха і ягонага дружкі грошы ці гарэлку беларусам дужа даспадобы. Але больш за гарэлку народ прагне шоў. Каб жаніх прасьпяваў нявесьце сэрэнаду (і чым больш вусьцішна ён сьпявае — тым весялей) і/або праскакаў зь сябрукамі «Танец маленькіх лебедзяў». Або каб жаніхоў дружка станчыў для прысутных паненак стрыптыз пад неўміручы хіт Тома Джонса Sex bomb.
Звычай мае шэраг варыяцыяў. Разам зь нявестай або замест яе падгулялыя госьці могуць сьцягнуць нявесьцін чаравічак, каб жаніх выпіў зь яго за здароўе жонкі. Звычайна для гэтага ўнутр абутку ставяць кілішак. Аднак калі госьці занадта прынцыповыя, то могуць проста ў чаравічак плюхнуць гарэлкі. А бывае так разгарэзьнічаюць, што пасьля нявесты крадуць ейную дружку. Вядомыя выпадкі, калі ў каморку дзеля выкупу зацягвалі нават цешчу. Затое ёсьць што пасьля прыгадаць.
8. Чаму ж беларусы так любяць вясельле?
Тыповае сучаснае беларускае вясельле — гэта як баляваньне падчас халеры: каб пацешыць гасьцей дый саміх сябе, з кішэні вытрасаецца апошняя капейчына. І ў эўрапейцаў гэтая завядзёнка выклікае супярэчлівыя пачуцьці: захапленьне і неўразуменьне адначасова. Бо для іх стравы ў тры паверхі й рэкі алькаголю — марнатраўнае дзівацтва. А скокі пад Сярдзючку ды шалёныя конкурсы добра падыходзяць пад ангельскае слова trash. Але для беларуса вясельле зь яго гратэскава-карнавальнай расцуглянасьцю — магчымасьць стаць самім сабой. Вясёлым, разьняволеным, добразычлівым — такім, якім ён рэдка можа дазволіць сабе быць у штодзённым жыцьці. Бо не прынята ў нас быць радасным і шчасьлівым проста так, бяз дай прычыны. Таму і патрэбная беларусу нейкая падзея, што дазваляе цешыцца з жыцьця і ня быць зьвінавачаным у адыходзе ад бульбянога дао — шляху самохаць абраных пакут.