Марын Лё Пэн просіць выбарнікаў пазычыць грошай на кампанію

Кіраўніца францускага «Нацыянальнага Фронту» запусьціла сайт «Патрыятычная пазыка», на якім зьбірае грошы на фінансаваньне перадвыбарчай кампаніі. Як заявіла Марын Лё Пэн у эфіры Europe 1, ніводзін банк, ні францускі, ні замежны, не пагадзіўся даць крэдыт яе партыі перад парлямэнцкімі выбарамі.

Каб прыцягнуць патэнцыйных крэдытораў, «Нацыянальны фронт» прапануе «вельмі выгадную стаўку па крэдыце: 3% гадавых».

Самых шчодрых крэдытораў чакаюць «эксклюзіўныя прапановы». Тыя, хто пазычыць больш за 15 тысяч эўра, атрымаюць запрашэньне «на прэстыжнае мерапрыемства з удзелам Марын Лё Пэн». А «самыя забясьпечаныя суайчыньнікі», у якіх для партыі знойдзецца больш за 75 тысяч эўра, змогуць «асабіста павячэраць з Марын Лё Пэн».

У верасьні 2014 году партыя Лё Пэн атрымала крэдыт у 9 мільёнаў эўра ў «Першым Чэска-Расейскім Банку» (First Czech Russian Bank, FCRB). Марын Лё Пэн патлумачыла, што зьвярнулася ў расейскі банк, бо францускія банкі адмовілі яе партыі ў крэдытах.

Акрамя таго, Нацфронт прасіў крэдыты яшчэ ў дзьвюх расейскіх фінансавых арганізацыях: АКБ «Стратэгія» і «НКБ». Усе тры банкі ў 2016 годзе былі прызнаныя банкрутамі і пазбавіліся ліцэнзіі Цэнтрабанку. А ў дачыненьні да «Першага Чэска-Расейскага банку» цяпер вядзецца расьсьледаваньне па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, паведамляе RFI.