Улады Чарнагорыі закрылі ўезд на тэрыторыю краіны для 149 грамадзян Расеі і Ўкраіны, зьвязаных з анэксіяй Крыму і вайсковым канфліктам у Данбасе. Пра гэта паведамляюць чарнагорскія газэты Blic і Pobjeda.
У «чорны сьпіс», у прыватнасьці, патрапілі віцэ-прэмʼер Расеі Дзьмітры Рагозін, сакратар Рады бясьпекі Мікалай Патрушаў, дырэктар Службы зьнешняй разьведкі Сяргей Нарышкін і кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў у пятніцу заявіў, што ў Крамлі нічога ня ведаюць пра нібыта прынятыя Чарнагорыяй забараняльныя захады, перадае агенцтва «Інтэрфакс».
Напярэдадні СМІ паведамілі пра забарону на ўезд у Расею для значнай часткі чарнагорскай палітычнай эліты, уключаючы прэмʼер-міністра Душка Маркавіча і сьпікера парлямэнту Івана Браёвіча. Перад гэтым стала вядома аб выдварэньні з Расеі прадстаўніка Дэмакратычнай партыі сацыялістаў Міёдрага Вукавіча.
Адносіны паміж Масквой і Падгорыцай пагоршыліся пасьля далучэньня Чарнагорыі да антырасейскіх санкцыяў Эўразьвязу і на тле інтэграцыі краіны ў NATO, якая завяршаецца ў пачатку чэрвеня. Масква не наладзіла кантакту з новым чарнагорскім урадам, сфармаваным пасьля выбараў 2016 году, якія суправаджаліся заявай уладаў аб прадухіленьні спробы дзяржаўнага перавароту з удзелам прарасейскіх палітыкаў.