«Я не магу сказаць пра патаньненьне шэнгенскіх візаў для беларусаў з новага году, — паведаміў журналістам Уладзімер Макей. — Вы зьвярніцеся да тых калегаў, якія робяць заявы такога кшталту».
30 траўня начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун выказаў надзею, што да канца году будзе падпісанае пагадненьне з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму.
«Пасьля ўступленьня ў сілу пагадненьня шэнгенскія візы беларусы змогуць атрымліваць на больш доўгі тэрмін — у тым ліку на 3 і 5 гадоў», — казаў Бягун.
Паводле Макея, перамовы з Зўразьвязам у гэтым пытаньні працягваюцца.
«Спатрэбіцца час на ліквідацыю тэхнічных пытаньняў, якія ў цяперашні час прысутнічаюць у нашым парадку дня, — сказаў міністар. — Я б не рабіў трагедыі што да тэрмінаў спрашчэньня візавага рэжыму з Эўрапейскім Зьвязам. Мы працуем над гэтым».