На закладцы парку ў Магілёве пілуюць вязы і разбураюць падмуркі XVIII стагодзьдзя

Парку дрэвы не патрэбны. Вяз — ахвяра ўпарадкаваньня

У Магілёве зьнішчаецца прыродны і археалягічны ляндшафт мясьціны, якая мае ахоўны статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Будаўнікі руйнуюць ацалелыя падмуркі дамоў XVIII стагодзьдзя, пілуюць 70-гадовыя вязы.

Вязам пагражае зьнікненьне

У Магілёве на Падмікольлі закладаюць парк, пракладваюць ходнікі. Уздоўж выкладзеных дарожак на паверхню вывернулі старадаўнюю цэглу. Аголеныя старыя падмуркі. Зь верхняга гораду робяць лесьвіцу. Будаўнікі працуюць у аўральным рэжыме. Задзейнічана шмат тэхнікі.

Карэньні вязаў, якія перашкаджалі парку

«Мы прыйшлі да высновы, што віна за тое, што адбываецца цяпер на Падмікольлі, ляжыць перадусім на праектоўцах, — мяркуе кіраўнік праектаў зялёнай інфраструктуры з грамадзкага аб’яднаньня „Экапраект“ Віктар Кірэеў.— Калі праектам ня ўлічаныя дрэвы, гістарычныя падмуркі, то будаўнікі асабліва ня будуць зважаць на гэта. Праектоўцы паставіліся да сваёй працы фармальна. І, яшчэ адна дэталь: няма ніякай падтрымкі ад археолягаў. Калі б у іх быў імпэт, то дазволу на тое, што тут адбываецца, яны не далі б».

Кірэеў адзначае, што папярэднія работы ў добраўпарадкаваньні Падмікольля ўжо прывялі да аслабленьня тутэйшых вязаў. Цяпер падсякаецца каранёвая сыстэма дрэваў, што прывядзе да іх засыханьня.

Віктар Кірэеў

«Тут зьмяніўся мікраклімат, ужо адсутнічае падлесак, які ўтрымліваў вільгаць; дробныя дрэвы зьніклі, а значыць, большыя атрымліваюць сонечныя апёкі, — даводзіў Віктар Кірэеў. — А тут яшчэ ім карэньні падрэзалі. Шанцаў на выжываньне не пакідаюць. Замест дрэваў у тры мэтры ахопу высаджваюць чэзлыя дрэўцы».

Разбураецца культурны пласт ахоўнай тэрыторыі

Карэньні дрэваў вытыркаюцца амаль паўсюдна, дзе падрыхтавалі пляцоўкі для ходнікаў. Шчыльнасьць дарожак, кажуць суразмоўцы, нічым не абгрунтаваная.

Вывернутая з падмуркаў старых дамоў цэгла

«Ходнікі выкладаюць без уліку архітэктурных аб’ектаў, — кажа лідэр ініцыятывы „За стварэньне батанічнага саду на Падмікольлі“ Леанід Платоненка,— Мы бачым вывернутую на паверхню цэглу-пальчатку XVII–XVIII стагодзьдзя. Бачым цудам ацалелыя падмуркі дамоў таго часу. Па іх пракладаюць траншэі глыбінёю да 70 сантымэтраў, такім чынам іх зьнішчаюць. Разбураецца культурны пласт на ахоўнай тэрыторыі. Яго зграбаюць без археалягічных дасьледаваньняў і вывозяць у адвалы».

Леанід Платоненка

Віктар Кірэеў зьбіраецца скардзіцца на праектоўцаў у міністэрствы прыродных рэсурсаў і культуры, будзе патрабаваць спыніць разбурэньні.

Леанід Платоненка лічыць, што падмуркі старых дамоў трэба было закансэрваваць, каб яны былі ілюстрацыяй старадаўнасьці мясьціны для наведнікаў парку. Ходнікі ж пракладаць па тых месцах, дзе раней былі пракладзеныя вуліцы і завулкі.

Летась краязнаўцы ўздымаліся на абарону Падмікольля і здолелі прыпыніць работы. Тады будаўнікі парушылі адзін з падмуркаў старога дома. Сёлета падрыхтоўка гораду да сьвяткаваньня 750-годзьдзя Магілёва актывізавала работы — у маштабах, большых за леташнія.

Ходнікі парку патрэбныя болей за дрэвы

На ўзьвядзеньне лесьвіцы зь верхняга гораду на Падмікольле прыгналі пад’ёмны кран. Вывезеныя сотні тон грунту. На адхоне агаліліся падмуркі старых дамоў, зьвестак пра якія раней не было. Па сканчэньні будаўніцтва іх схаваюць бэтонам.

Будаўніцтва лесьвіцы

Пакуль Падмікольле яшчэ ў зеляніне