У Кіеве абстраляны і паранены камандзір батальёну імя Дудаева

Аміна Акуева (архіўнае фота)

У Кіеве адбыўся напад на байцоў дабраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева Аміну Акуеву і яе мужа Адама Асманова, паведаміў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка.

«Нападнік пад выглядам замежнага журналіста ўвайшоў у давер, нібыта хацеў узяць інтэрвію, наблізіўся да іх, адкрыў агонь з пісталета, параніў Адама. Яго жонка з мэтай самаабароны і адбіцьця нападу адкрыла агонь і цяжка параніла стрэлка. Цяпер абодва зь цяжкімі агнястрэльнымі раненьнямі ў шпіталі», — напісаў Шаўчэнка на сваёй старонцы ў Facebook.

У лютым 2012 году Адама Асмаева затрымалі ў Адэсе праваахоўныя органы Украіны паводле падазрэньня ў выбуху ў адэскай кватэры. Сьледства таксама падазравала, што ён разам з саўдзельнікам рыхтаваў замах на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

У верасьні 2013 году ў Расеі быў асуджаны да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі другі фігурант гэтай справы Ільля П’янзін, якога Ўкраіна туды экстрадавала.

Эўрапейскі суд па правах чалавека рэкамэндаваў Украіне не выдаваць Асмаева Расеі, пасьля чаго Ўкраіна вырашыла прыпыніць працэс экстрадыцыі. 19 лістапада 2014 году пасьля больш чым двух з паловай гадоў зьняволення ён быў вызвалены з-пад варты.

У лютым 2015 году Асмаеў стаў камандзірам дабраахвотніцкага батальёна імя Джахара Дудаева, які складаецца пераважна з чачэнцаў і ваюе на баку Ўкраінскіх узброеных сілаў. Аміна Акуева, мэдык па адукацыі, зьяўляецца прэс-сакратаром батальёну.